Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня – Дзень салідарнасьці зь беларускімі палітвязьнямі і сем’ямі зьніклых


Валер Каліноўскі, Менск 16 чысла кожнага месяца ў Беларусі і за мяжой адзначаюць Дзень салідарнасьці з палітвязьнямі і сем’ямі зьніклых апанэнтаў А.Лукашэнкі. Сёньняшні дзень супаў з правядзеньнем ў Санкт-Пецярбурзе саміту краінаў "вялікай васьмёркі". Сёньня арганізатары Дня салідарнасьці заклікалі суграмадзян прыйсці ўвечары да амбасады Расеі ў Менску са сьвечкамі і партрэтамі зьніклых палітыкаў і палітвязьняў.

Арганізатары сёньняшняй акцыі салідарнасьці нагадваюць, што з усіх сябраў вялікай васьмёркі толькі Расея, якая зараз старшынюе на саміце, прызнала вынікі выбараў прэзыдэнта Беларусі. Астатнія краіны палічылі гэтыя выбары недэмакратычнымі і сфальшаванымі.

“У турмах і калёніях, на "хіміі" цяпер знаходзяцца 12 беларускіх палітвязьняў, крымінальны перасьлед пагражае дзясяткам апазыцыйных актывістаў. Беларускія ўлады дагэтуль адмаўляюцца расьсьледаваць справы зьніклых апазыцыйных лідэраў і журналіста”,– зазначаюць арганізатары сёньняшняй акцыі салідарнасьці.

У Менску, Кіеве, Брусэлі і Вашынгтоне грамадзкія актывісты і праваабаронцы прыйдуць са сьвечкамі і партрэтамі палітвязьняў ды зьніклых палітыкаў да будынкаў амбасадаў Расеі, каб запатрабаваць “спыненьня падтрымкі беларускай дыктатуры”. Чакаецца аналягічная акцыя ў Санкт-Пецярбурзе. У буйных гарадах Беларусі пройдуць свае акцыі салідарнасьці. Пра тое, што заплянавана ў Магілёве, паведамляе Крысьціна Шацікава:

(Шацікава: ) “У цэнтры горада ў 8 гадзін вечара хтосьці будзе са сьвечкамі, хтосьці з патрэтамі зьніклых, мы будзем падыходзіць да людзей і тлумачыць, што мы шукаем зьніклых сяброў і будзем пытацца, ці ня бачылі яны іх”.

Адзін з палітвязьняў Мікола Статкевіч сёньня ўпершыню запаліць сьвечку салідарнасьці разам зь сям’ёю, ён знаходзіцца ў Менску ў адпачынку, дадзеным адміністрацыяй ягонай папраўчай установы ў Баранавічах. Спадар Статкевіч кажа, што ён адчувае і высока цэніць салідарнасьць беларускіх і замежных грамадзян.

(Статкевіч: ) “Я не памылюся, калі скажу, што штодзённа, таму што ўвесь час прыходзяць лісты, там да мяне па месцы працы прыходзяць людзі, яны імкнуцца нешта прынесьці, хаця ў правінцыі вельмі маленькія заробкі, але людзі імкнуцца нешта прынесьці, купіць, мабыць, тое, чаго сабе не дазваляюць. Я не адмаўляюся, таму што разумею, што гэта ад чыстага сэрца”.

Мікола Статкевіч кажа пра моцную міжнародную салідарнасьць, толькі з Галяндыі ён атрымаў 14 тысяч паштовак. Паштовак ад беларускіх грамадзян меней, і на большасьці зь іх няма зваротнага адрасу, – кажа спадар Статкевіч.

Пра тое, як праходзіць Дзень салідарнасьці, слухайце ў выпусках навін і ў нашай заўтрашняй ранішняй праграме.
XS
SM
MD
LG