Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Год таму памерла дзяячка беларускай эміграцыі Яніна Каханоўская (фота)


Уладзімер Арлоў, Менск Вы ўяўляеце, як прыемна вандроўніку зь Беларусі, што ўсяго на тыдзень прыехаў у ЗША, выпадкова сустрэць на ранішнім Манхэтане добрую знаёмую? Асабліва, калі гэтая знаёмая – родная пляменьніца Івана і Антона Луцкевічаў і бабуля сьпевака Данчыка, Яніна Каханоўская, якую, яшчэ зусім маленькую, вазіў на сабе, як конік, Максім Багдановіч.

Апынуўшыся ўлетку 1950-га ў Нью-Ёркскім Гарлеме, Яніна ня ведала ні слова па-ангельску і мусіла зарабляць на жыцьцё цяжкай працай, але, паводле ейных словаў, тысячы кілямэтраў, што аддзялялі яе ад віжоў, варанкоў і начных стрэлаў у Курапатах, былі больш чым дастатковаю кампэнсацыяй.

Напэўна, я не сустракаў чалавека, які ўмеў бы мацней за спадарыню Яніну любіць жыцьцё і цаніць яго вялікія і маленькія радасьці. Яна мела багатае рамантычнае мінулае, яна сябравала з Натальляй Арсеньневай. Яна любіла падарожнічаць, і ўжо на дзясятым дзясятку наведала праскую кавярню "Чартоўка", пра якую вычытала ў маёй кнізе.

Яе кватэрка ў Іст-Вілідж здавалася музэем, а бібліятэка складалася з суцэльных рарытэтаў, зь якіх мне засталіся на памяць выдадзеныя ў 1950-м у Парыжы ўспаміны Івана Буніна.

Данчык, які бяз улюбёнай бабулі, відаць, быў бы зусім ня тым, кім мы яго ведаем і любім, пісаў, што візытоўкай яе незалежнай і шчодрай душы заўсёды была ўсьмешка.

На сваё 90-годзьдзе ў 1999-м спадарыня Яніна вальсавала ў сьвяточна-прыцемнай рэстараннай залі. Сотні прысутных сяброў і родных верылася, што ў сто гадоў яна гэтаксама закружыцца ў танцы, па птушынаму лёгкая, элегантная і бездакорна апранутая. 16 ліпеня споўніўся год, як Яніна Каханоўская пакінула нас. Я мару пра кнігу, якую напіша пра сваю бабулю Данчык.

XS
SM
MD
LG