Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску адбыліся два камуністычныя зьезды


Алесь Дашчынскі, Менск Сёньня ў Менску адбыліся два зьезды камуністычных партыяў – аб’яднаўчы зьезд афіцыйнай КПБ і нечарговы зьезд апазыцыйнай ПКБ. На абодвух зьездах пабываў наш карэспандэнт.

Так званы аб’яднаўчы зьезд КПБ-ПКБ праходзіў у менскім Доме афіцэраў. На яго сабраліся каля 260 дэлегатаў, а таксама каля 200 вэтэранаў КПБ-КПСС, прадстаўнікі кампартыяў Расеі, Украіны, Кітаю, Віетнаму і Таджыкістану. Прысутнічаў таксама амбасадар Туркмэністану. Сярод удзельнікаў зьезду былы старшыня Вярхоўнага Савету БССР Мікалай Дземянцей, колішні партыйны лідэр Яфрэм Сакалоў ды іншыя. Ля Дому афіцэраў цягам працы зьезду дзяжурыла машына хуткай дапамогі.

Асноўным пытаньнем было ўзьяднаньне КПБ і ПКБ у адзіную партыю на плятформе афіцыйнай кампартыі. Гаворыць дэлегат зьезду, былы настаўнік, 78-гадовы Анатоль Касьянаў з Воршы:

(Касьянаў: ) “Тая палітыка, якую сталі праводзіць Калякін і іншыя, не адпавядае камуністычнай ідэалёгіі. Гэта сувязь з дэструктыўнымі, апазыцыйнымі сіламі”.

(Карэспандэнт: ) “А навошта гэтае аб’яднаньне, гэты аб’яднаўчы зьезд?”

(Касьянаў: ) “Каб падтрымаць урад, кіраўніцтва і процістаяць наплыву звонку, які цяпер стараюцца зрабіць імпэрыялістычныя сілы”.

За працай альтэрнатыўнага зьезду ў залі “Белкаапсаюзу”, на які прыехалі 66 дэлегатаў, назіралі супрацоўнікі спэцслужбаў. Зьезд ПКБ назваў аб’яднаўчы зьезд спробай стварыць партыю ўлады з наступнай ліквідацыяй апазыцыйных палітычных партыяў. На аб’яднаўчы зьезд былі пасланыя сябры рэвізійнай камісіі, каб правесьці рэгістрацыю сяброў ПКБ. Тлумачыць Віктар Хоміч з Гомелю:

(Хоміч: ) “Ніводнага сябра ПКБ на гэтым зьезьдзе няма. Што за людзі яго прадстаўляюць, цяжка сказаць, бо нават сьпісаў гэтых не паказалі. Гэта мерапрыемства вельмі нагадвае нешта з далёкіх, цёмных часоў нашай гісторыі, пра якія мне цяжка і нават брыдка казаць”.

Старшыня ПКБ Сяргей Калякін заявіў:

(Калякін: ) “Гэта ніякі не аб’яднаўчы з’езд. Гэта мерапрыемства, сэнсу якога не разумеюць нават самі кіраўнікі КПБ. Гэта ціск на нашу партыю. Ліквідацыя нас як палітычнай сілы – гэта адна з мэтаў гэтага палітычнага мерапрыемства. Аднак гэтае мерапрыемства ні да чога не прывядзе”.

Зьезд ПКБ прыняў рэзалюцыю, у якой рашуча асудзіў жорсткасць, беззаконьне і самавольства адносна Аляксандра Казуліна. Дэлегаты выказалі сваю салідарнасьць з палітвязьнем і запатрабавалі яго неадкладнага вызваленьня. Яны заклікалі ўступіць у барацьбу за свабоду Казуліна і іншых палітзьняволеных.
XS
SM
MD
LG