Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тыднёвы агляд міжнародных рэакцый на беларускія падзеі


Вячаслаў Ракіцкі, Менск Судовы працэс і вырак былому кандыдату на прэзыдэнта Беларусі Аляксандру Казуліну, магчымасьць абмеркаваньня на саміце “вялікай васьмёркі” ў Санкт-Пецярбургу беларускага пытаньня, а таксама дапамога беларускай апазыцыі былі на гэтым тыдні ў цэнтры ўвагі заходніх палітыкаў, праваабаронцаў, журналістаў.

Імгненную рэакцыю ў сьвеце выклікала турэмнае зьняволеньне на пяць з паловай гадоў былога кандыдата на прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Казуліна. Ужо празь некалькі гадзінаў пасьля прысуду Дзярждэпартамэнт ЗША распаўсюдзіў заяву, у якой судовы працэс называецца цалкам палітычна матываваным і распрацаваным з мэтай пакараць Казуліна за ягоныя палітычныя погляды. У заяве ўтрымліваецца заклік да беларускіх уладаў “вызваліць Казуліна і ўсіх тых, хто пазбаўлены волі паводле палітычна матываваных абвінавачваньняў, у тым ліку чатырох грамадзкіх актывістаў, зьвязаных зь непартыйнай групай у назіраньні за выбарамі “Партнэрства”. Таксама падкрэсьліваецца, што ўрад ЗША працягне рабіць крокі па ўвядзеньні адпаведных санкцыяў супраць тых, хто адказвае за парушэньне грамадзянскіх правоў.

Амбасада Нямеччыны ў Менску, якая ў Беларусі выконвае прадстаўнічую місію старшыні Эўрапейскага Зьвязу, таксама распаўсюдзіла заяву, у якой гаворыцца, што “рашэньне суду супярэчыць асноўным свабодам, прынцыпу вяршэнства закону і міжнародным абавязкам, якія ўзяла на сябе Беларусь”. Кіраўнікі дыпляматычных місіяў краінаў Эўразьвязу патрабуюць тэрмінова вызваліць Аляксандра Казуліна. На іхную думку, Беларусь “зноў згубіла шанец прадэманстраваць гатовасьць да пераадоленьня сваёй ізаляцыі ў Эўропе і зрабіць крокі, скіраваныя на выкананьне сваіх міжнародных абавязкаў”.

Сябра Эўрапарлямэнту ад Народнай партыі, нямецкі хрысьціянскі сацыяліст Бэрнд Посэльт у размове са “Свабодай” патлумачыў прысуд Казуліну вялізным страхам Аляксандра Лукашэнкі.

(Посэльт: ) “Прысуд ёсьць найвялікшым скандалам у галіне правоў чалавека. І эўрапейскія арганізацыі мусяць неадкладна пачаць працу, каб вызваліць спадара Казуліна. Ва ўсім гэтым мы бачым захады рэжыму дзеля запалохваньня беларускай апазыцыі, а таксама спробу паставіць пад пытаньне незалежнасьць Беларусі. За ўсім гэтым мы назіраем з трывогай. Для нас гэта ёсьць сыгналам, што ціск на рэжым трэба ўзмацніць. Самае ж важнае для нас — гэта падтрымка беларускай апазыцыі”.

*** Цягам тыдня захоўвала актуальнасьць пытаньне, ці будзе ўзьнятая праблема дэмакратыі ў Беларусі на саміце “вялікай васьмёркі”, што распачаўся сёньня ў Санкт-Пецярбургу. Прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі Тоні Блэр на брыфінгу напярэдадні саміту заявіў, што кіраўнікі дзяржаваў “вялікай васьмёркі” ня змогуць пазьбегнуць абмеркаваньня праблемы з дэмакратыяй у Беларусі. Вось як пра гэта пісала брытанская газэта “Гардыян”:

“Блэр адзначыў, што прэзыдэнт Пуцін сам прапанаваў на сустрэчы абмеркаваць пытаньне дэмакратыі, і падкрэсьліў, што Расея ня зможа выгандляваць права на захаваньне сфэры свайго ўплыву ў такіх краінах, як Украіна, Грузія і Беларусь, узамен на падтрымку Захаду ў іранскім пытаньні”.

Пазыцыю ж Злучаных Штатаў у гэтым пытаньні патлумачыў у інтэрвію нашаму радыё амбасадар ЗША ў Менску Джордж Крол.

(Крол: ) “Наколькі я ведаю, і гэта публічна сказала Кандаліза Райс, якая нядаўна ўзьняла гэтае пытаньне падчас сустрэчы міністраў замежных справаў краінаў “вялікай васьмёркі” ў Маскве, у тым ліку са спадаром Лаўровым, што трэба гаварыць пра Беларусь. І гэта не як паўтарэньне Ялцінскіх дамоўленасьцяў, як было ў гісторыі, за сьпінай у Беларусі… Не, гэта, як сказала публічна Кандаліза Райс, а таксама міністры краінаў Эўразьвязу і кіраўнік замежнай палітыкі Эўразьвязу Хавіер Саляна, трэба, каб у Беларусі была дэмакратычная супольнасьць і дэмакратычная палітычная сыстэма, і гэта асабліва важна для паляпшэньня жыцьця беларусаў, а таксама для расейцаў і для ўсіх суседзяў Беларусі”.

Дык чаму Расея падтрымлівае беларускую ўладу? Вось такі адказ на гэтае пытаньне напярэдані саміту дае амэрыканская газэта “Інтэрнэшнл геральд трыбюн”:

“Няма сумневу ў тым, што больш дэмакратычная і празрыстая Расея паводзіла б сябе інакш пры вырашэньні цэлага шэрагу пытаньняў. Яна ня стала б дэманстраваць сваю гасьціннасьць лідэрам ХАМАС. Яна б не падтрымлівала дыктатара ў Беларусі і не вяла б палітыку падрыву пазыцыяў дэмакратаў у Грузіі і Ўкраіне”.

*** Міністар замежных справаў Фінляндыі Эркі Туоміоя, чыя краіна старшынюе ў Эўрапейскім Зьвязе, заявіў на гэтым тыдні, што “палітыка ізаляцыі рэжыму Лукашэнкі не працуе”. Паводле міністра, Лукашэнку ня надта хвалююць уведзеныя Эўразьвязам і ЗША візавыя абмежаваньні, аднак, дзеля таго, каб у Беларусі адбыліся сапраўдныя палітычныя перамены, неабходныя далейшыя санкцыі супраць беларускага кіраўніцтва. “Мы спадзяемся, што ў працяглай пэрспэктыве створым умовы, якія б дапамаглі перамагчы любую форму дыктатуры”, – сказаў кіраўнік замежнапалітычнага ведамства Фінляндыі.

Тым часам у шэрагу краінаў працягваецца кампанія ў падтрымку беларускай дэмакратычнай апазыцыі, якая пацярпела ад уладаў у часе сакавіцкіх выбараў. Так, міністэрства адукацыі Нідэрляндаў рыхтуецца цягам найбліжэйшых дзён абвясьціць праграму для навучаньня ў краіне 100 беларускіх студэнтаў, якія ня могуць працягваць вучобу на радзіме з палітычных прычынаў. Пра гэта паведаміў БелаПАН сябра студэнцкай групы “Місія для Беларусі” Олівер ван Лоа. На праект плянуецца выдаткаваць адзін мільён эўра. “Місія для Беларусі” таксама вядзе перамовы з буйной нідэрляндзкай радыёстанцыяй пра магчымасьць стварэньня праграмы для Беларусі. “Радыёстанцыя валодае перадавальнікам ва Ўкраіне, які можа пакрыць усю тэрыторыю Беларусі”, – падкрэсьліў актывіст студэнцкага руху.

А ў Польшчы ўсе фракцыі парлямэнту падтрымалі прэзыдэнцкі праект закону аб стварэньні Фонду падтрымкі дэмакратыі ў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе. Кіраўніца адміністрацыі прэзыдэнта Польшчы Эльжбэта Якубяк, выступаючы ў парлямэнце, падкрэсьліла, што калісьці дэмакратычны сьвет дапамагаў Польшчы, цяпер жа настаў час палякам “умацоўваць дэмакратыю ва Ўкраіне і ствараць яе ў Беларусі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG