Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Cытуацыя палітычных вязьняў: агляд тыдня


Іна Студзінская, Менск Міжнародная рэакцыя на прысуд Аляксандру Казуліну. Суд над актывістамі “Партнэрства” будзе закрытым. Афіцыйная матывацыя – у мэтах абароны сьведкаў. “Хіміка” Артура Фінькевіча ў Магілеве ўладкоўваюць на працу. Ва ўсіх астатніх палятвязьняў пакуль бязь зьменаў…

Дзярждэпартамэнт ЗША выдаў тэрміновую заяву з нагоды асуджэньня Аляксандра Казуліна на пяць паловай гадоў зьняволеньня.

У заяве, падпісанай прадстаўніком Дзярждэпартамэнту Шынам Макормакам, судовы працэс называецца цалкам палітычна матываваным і распрацаваным з мэтай пакараць Казуліна за яго палітычныя погляды. Урад ЗША працягне рабіць крокі па ўвядзеньні адпаведных санкцыяў супраць тых, хто адказвае за парушэньне грамадзянскіх правоў.

У заяве сказана: “Мы заклікаем беларускія ўлады вызваліць Казуліна і ўсіх тых, хто пазбаўлены волі паводле палітычна матываваных абвінавачваньняў, у тым ліку чатырох грамадзкіх актывістаў, зьвязаных зь непартыйнай групай па назіраньні за выбарамі “Партнэрства”.

Кіраўнікі дыпляматычных місіяў краінаў Эўразьвязу ў Менску таксама зрабілі адмысловую заяву, у якой выказваюць спачуваньне ў зьвязку з прысудам Аляксандру Казуліну. На думку эўрапейскіх дыпляматаў, “судовае рашэньне зьвязанае з тым фактам, што Аляксандар Казулін балятаваўся на пасаду прэзыдэнта… Рашэньне суду супярэчыць асноўным свабодам, прынцыпу вяршэнства закону й міжнародным абавязаньням, якія ўзяла на сябе Беларусь”, — гаворыцца ў заяве.

Адвакаты Казуліна маюць намер абскардзіць прысуд Маскоўскага райсуду ў Менскім гарадзкім судзе. Мяркуецца, што гэта можа адбыцца ў сярэдзіне жніўня. А самога Казуліна да перагляду справы, хутчэй за ўсё, будуць утрымліваць у ізалятары на Валадарцы.

Артур Фінькевіч, які адбывае пакараньне на “хіміі” ў Магілеве, атрымаў працу. З наступнага аўторка ён будзе падсобным рабочым на будоўлі.

(Фінькевіч: ) “Мяне афармляюць на працу ў будаўнічае ўпраўленьне №129 пры адкрытым акцыянэрным таварыстве “Лаўсанбуд”. Гэта праца падсобнага рабочага, гэта чалавек, які цягае цэглу, мяшае бятон, то бок самая чарнавая праца, за якую будуць плаціць парадку 200 тысяч рублёў. Што тычыцца ўмоваў майго ўтрыманьня, у мяне пакойчык, у якім жыве 3 чалавекі, а ня 6. Тут, канечне, складанасьці з кухняй, бо толькі адна чатырохканфорачная пліта, якой карыстаюцца каля 100 чалавек, таму ўвечары немагчыма фактычна нічога прыгатаваць”.

Другі вядомы “хімік”, Мікалай Статкевіч, так бы мовіць, “дагульвае” апошнія дзянькі двухтыднёвага адпачынку ў Менску. 20 ліпеня ён мусіць вярнуцца ў Баранавічы.

Суд над актывістамі “Партнэрства”, які прызначаны на 28 ліпеня, будзе закрытым. Такое рашэньне вынес судзьдзя суду Цэнтральнага раёну Менску Леанід Ясіновіч. Гаворыць адвакат Вера Страмкоўская:

(Страмкоўская: ) “Падстава – што гэта нібыта для абароны сьведкаў, каб была забясьпечаная абарона сьведкаў. Гэта афіцыйная матывацыя, якую судзьдзя вынес у пастанову, каб усё было афіцыйна”.

У пятніцу актывіста “Партнэрства” Цімафея Дранчука наведала адвакатка Мар’яна Сямешка.

(Сямешка: ) “Цімафей трымаецца бадзёра. Выкарыстоўвае ўсе прадугледжаныя законам спосабы і магчымасьці для абароны сваіх правоў: абскарджваньне тых дакумэнтаў, якія ёсьць у справе. Так што ўсё нармальна, актыўна ён дзейнічае, актыўна мы”.

Былыя ваўкавыскія прадпрымальнікі Мікалай Аўтуховіч і Юры Лявонаў, якія 10 дзён таму атрымалі адпаведна тры з паловай гады і тры гады 5 месяцаў пазбаўленьня волі, па-ранейшаму ўтрымліваюца ў Гарадзенскім СІЗА. Яны чакаюць разгляду іх касацыйнай скаргі ў Гарадзенскім абласным судзе.
XS
SM
MD
LG