Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Завяршыўся 15-ты фэстываль “Славянскі базар у Віцебску”


Радыё Свабода, Віцебск Заключны канцэрт, у якім узялі ўдзел пераможцы фэстывальных конкурсаў, прайшоў мінулай ноччу ў летнім амфітэатры. Прадстаўнікі Беларусі, якія атрымлівалі Гран-пры на конкурсе маладых выканаўцаў цягам апошніх трох гадоў, сёлета ў лік пераможцаў ня трапілі.

Аднаму з выканаўцаў, Руслану Мусьвідасу, якога дэлегавала на “Славянскі базар” міністэрства культуры, не далося нават трапіць з паўфінала ў фінал конкурсу. А сьпявачцы Марыне Васілеўскай, якая набрала адносна невялікую колькасьць балаў у параўнаньні з тымі, хто заняў прызавыя месцы, дасталася хіба адмысловая прэмія імя Ўладзімера Мулявіна, заснаваная менавіта на “Славянскім базары”.

Удзел Беларусі ў дзіцячым музычным конкурсе “Віцебск – 2006” таксама ня быў пасьпяховы. Летась на падобным конкурсе ў Віцебску перамагла Ксенія Сітнік, якая потым прынесла перамогу Беларусі і на дзіцячым “Эўрабачаньні”. А сёлета толькі аднаму з двух юных беларускіх выканаўцаў – Аляксею Жыгалковічу з Менску – удалося атрымаць конкурсную ўзнагароду: другую прэмію конкурса ён падзяліў яшчэ з двума маленькімі сьпевакамі.

У часе заключнага канцэрту гучалі словы пра тое, што 15-ты, юбілейны “Славянскі базар” быў узорным у сэнсе арганізацыі, а таксама самым прадстаўнічым паводле колькасьці запрошаных эстрадных “зорак”.

Але было абвешчана, што Аляксандар Лукашэнка ўжо даручыў Міністэрству культуры ды Віцебскаму аблвыканкаму распрацаваць новую канцэпцыю фэстывалю. Міністр культуры Ўладзімер Мацьвяйчук кажа, што на наступны год варта чакаць перадусім тэхнічных зьменаў: у летнім амфітэатры заплянаваная рэканструкцыя сцэны – з тым, каб павялічыць колькасьць месцаў у залі. А дырэктар фэстывалю Радыён Басс спадзяецца на перамены творчага характару, якія дапамогуць захаваць пэўны мастацкі патэнцыял і забясьпечаць прыбыткі ад фэстывальных імпрэзаў.
XS
SM
MD
LG