Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Начная аБЛОГа - 14 ліпеня


Юлія Шарова, Менск У беларускім сеціве блукае Юлія Шарова. Вітаю.

На форумах парталу TUT.by сёньня абмяркоўваюць навіну пра тое, што таксісты заблякавалі будынак тэлевізіі на вуліцы Камуністычнай у Менску. 50 кіроўцаў машынаў са службы таксі 0-52 патрабавалі сёньня наўпроставага эфіру на канале ОНТ. Іхны шэф ужо колькі месяцаў знаходзіцца ў сьледчым ізалятары, фірма не плаціла падаткі – дзяржаўныя службы палічылі неабходным зачыніць прадпрыемства “Набат”, на якую таксісты і працавалі. Вось як камэнтуюць гэтую навіну удзельнікі форуму: “Карыстаюся толькі паслугамі 0-52! Можна сказаць было хуткаснае таксі. Тры хвіліны – і яны ў цябе. Каму дарогу перайшлі?” “А як яны файна бібікалі, праяждаючы паўз плошчу, калі мы там стаялі…” “…а ў навінах на ОНТ пра лесанарыхтоўкі й “Славянскі базар” “Да чаго тут палітыка? Арганізацыя не плаціла падаткаў, кіраўніцтва сядзіць ужо колькі месяцаў у СІЗА. Канечне кантору трэба зачыніць да заканчэньня суда”

У суполцы сату блогаў Жывы Журнал by_politics карыстальнік chegor разважае пра сытуацыю на Блізкім Усходзе. Як вядома там разгараецца ўзброены канфлікт паміж Ізраілем і Лібанам. “…давайце ўявім такую чыста гіпатэтычную сытуацыю: Іран (і гэта самы мінімум, калі астатнія арабы не палезуць дапамагаць) падтрымлівае Лібан. У сваю чаргу ЗША (дзе ізраільскае лобі заўсёды было вельмі моцнае) заўсёды гатовыя прыйсьці на дапамогу Ізраілю… І што мы атрымаем (вось я шчыра кажучы не ведаю)... А калі астатнія арабскія краіны не застануцца ў баку ад развіцця падзей. У якую вялікую вайну гэта можа выліцца?! І ня трэба іранізаваць наконт пустых страхаў... Аўстрыйцы ня думалі ў 1914 годзе, што разборка з сэрбамі скончыцца развалам імперыі, дый пад час Мюнхенскіх дамоваў Англія й Францыя не здагадваліся, што атрымаюць праз пару год”.

Карыстальніца _katusha_ у сваім інтэрнэт дзёньніку, што на папулярным сайце www.livejournal.com зьмясьціла спасылку на тэкст, які яна сама лічыць геніяльным. Грамадзянін Уладзімер Герт піша ліст падзякі на сайт www.president.gov.by. Працытуем гэты тэкст цалкам: “Шаноўныя Аляксандар Рыгоравіч і работнікі сайту www.president.gov.by, Ад імя жыхароў садовага таварыства “Рэчанька” Смалевіцкага раёну, вёска Волма зьвяртаюся з велічэзнай, найлевічэзнай падзякай за тое, што дзякуючы толькі Вашай дапамозе нарэшце ў пачатку ліпеня была дэмантаваная базавая станцыя сотавай связі кампаніі Velcom з воданапорнай вежы нашага садовага таварыства. Такім чынам была прыбраная верагодная крыніца забруджваньня вады ў вежы і артсьвідравіне. Тысячы нашых сяброў і знаёмых паверылі ў тое, што ў нашай краіне шмат што робіцца й будзе рабіцца дзеля простых людзей. Асабліва прыемна тое, што “ўцёрты нос” апазыцыі, якая ня верыла й пасьмейвалася над намі, што ў гэтай спрэчцы мы можам перамагчы”.

На арыгінальнасьць прэтэндуе і наступны тэкст www.minsk.gov.by/news_rb/0/0/0/ru – гэта навіна на сайце Менгарвыканкаму. “Нядаўна жэнсаветам Першамайскага раённага ўпраўленьня ўнутраных справаў Менску сумесна з Саветам вэтэранаў міліцыі і ўнутраных войскаў Першамайскага раёну гораду Менску, а таксама з удзелам пярвічнай арганізацыі БРСМ для супрацоўнікаў і чальцоў іхных сем’яў была арганізаваная вандроўка ў горад Заслаўе… Экскурсія пакінула незабыўныя ўражаньні. Разам зь цікавай і пазнавальнай інфармацыяй яе ўдзельнікі атрымалі зараз бадзёрасьці й змаглі цудоўна адпачыць ад нялёгкіх будняў супрацоўнікаў РУУС”.

Дасылайце свае ідэі ды лінкі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Таксама тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 290-39-52 і дасылайце СМС-паведамленьні на нумар 391-22-24. З вамі была Юлія Шарова. Да сустрэчы ў оф-лайне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG