Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вэртыкальшчыкі ачольваюць абласныя спартовыя фэдэрацыі


Радыё Свабода Усьлед за сталіцаю і ў рэгіёнах ідзе кампанія замены кіраўнікоў спартовых фэдэрацыяў чыноўнікамі ад улады. У Гомелі, прыкладам, за мінулыя два дні зьмянілі кіраўніцтва абласных фэдэрацыяў футболу і валейболу.

Рэгіянальную футбольную фэдэрацыю ачоліў намесьнік старшыні Гомельскага аблвыканкаму ў пытаньнях будаўніцтва Ўладзімер Надтачаеў, а валейбольную — намесьнік старшыні выканкаму ў эканоміцы Ўладзімер Маёраў. Крыху раней на пасаду старшыні абласной арганізацыі “Фэдэрацыя боксу” абралі начальніцу падатковай інспэкцыі Галіну Пашэд. Падобныя зьмены адбыліся і ў іншых спартовых аб’яднаньнях.

Як ставяцца да гэткіх пераменаў прафэсійныя спартоўцы? Распавядае алімпійскі чэмпіён веславаньня на байдарках Мікалай Гарбачоў, які жыве цяпер у Рагачове:

(Гарбачоў: ) “Трэба, каб штурхач добры быў, з добрым кашальком. Бяз гэтага нічога добрага ня будзе. Калі ён зацікаўлены, плён будзе. Калі не зацікаўлены, не хвалюе спорт, то каго ні стаў — усё без карысьці”.

Мікалай Сьцяпанавіч, дарэчы, застаўся ці не апошнім высакаклясным спартоўцам, які пакуль што ачольвае абласную фэдэрацыю свайго віду спорту. За два гады ён пераканаўся, што без уладных паўнамоцтваў надзвычай цяжка што-небудзь пабудаваць ці адрамантаваць для спорту.

Трэнэр алімпійскага чэмпіёна дзюдо Ігара Макарава спадар Асін таксама лічыць, што зусім няблага, калі ўплывовы чалавек ачольвае нейкі кірунак у спорце. У прыватнасці, Уладзімер Асін няблага адгукаецца пра кіраўніка нацыянальнай фэдэрацыі дзюдо, намесьніка міністра ўнутраных справаў генэрала Шчурка. Але ўсё залежыць ад асобы старшыні фэдэрацыі, кажа трэнэр Уладзімер Асін:

(Асін: ) “Ведаеце, тут яшчэ ад асобы старшыні залежыць. У нас, на абласным узроўні, старшыня фэдэрацыі — не зусім маторны чалавек. А вось Шчурко — надзвычай дзейны чалавек і моцна дапамагае нам”.
XS
SM
MD
LG