Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Скаргу адвакатаў Казуліна паводле падзеяў 25 сакавіка адхілілі


Радыё Свабода Судзьдзя Віктар Казак з Маскоўскага раённага суду Менску адхіліў скаргу адвакатаў Аляксандра Казуліна на рашэньне пракуратуры. Тая пастанавіла не заводзіць крымінальнай справы на байцоў спэцназу, якія затрымлівалі палітыка 25 сакавіка. Тым часам стала вядомая сума грашовых прэтэнзіяў да Аляксандра Казуліна, якія задаволіў суд 13 ліпеня.

У Маскоўскім судзе Менску 14 ліпеня разглядалі яшчэ адну судовую справу, зьвязаную з Аляксандрам Казуліным. Судзьдзя Віктар Казак вызначыў лёс скаргі адвакатаў Казуліна на дзеяньні супрацоўнікаў менскага палку міліцыі спэцыяльнага прызначэньня, якія затрымлівалі палітыка 25 сакавіка пасьля маршу дэманстрантаў да турмы на Акрэсьціна. Адвакат Ігар Рынкевіч сказаў:

(Рынкевіч: ) “Супрацоўнікі Быкаў, Балдушэўскі й Казарэдаў ужылі фізычную сілу супраць Казуліна, і мы лічым, што на іх мусілі завесьці крымінальную справу за перавышэньне ўлады. Суд разглядзеў гэтую скаргу, з таго боку быў пракурор Хухлындзін, але судзьдзя Казак не задаволіў скаргу на адмову завесьці крымінальную справу”.

Адвакат Ігар Рынкевіч удакладніў падрабязнасьці прысуду, які быў учора вынесены былому кандыдату на прэзыдэнта Аляксандру Казуліну судзьдзём Аляксеем Рыбаковым. Паводле адваката, грашовыя прэтэнзіі да палітыка судзьдзя задаволіў часткова. Прызнана, што Аляксандар Казулін мусіць сплаціць 190 тысяч рублёў менскай міліцыі на рамонт відэакамэры, якую ён, паводле суду, разьбіў 25 сакавіка, а таксама Казулін павінен кампэнсаваць міліцыянту Якімовічу рамонт парванай курткі — гэта яшчэ 20 тысяч. Што да кампэнсацыі 15 мільёнаў за нібыта нанесеныя маральныя і матэрыяльныя страты міліцыянтам, то судзьдзя вырашыў, што пацярпелыя могуць патрабаваць гэтыя грошы праз суд у асабістым парадку як грамадзяне.

Што вядома пра тое, як цяпер пачуваецца Аляксандар Казулін?

(Рынкевіч: ) “На дадзены момант у мяне зьвестак няма, бо мы да яго не хадзілі. Вядома, што сваякі пойдуць да старшыні суду па дазвол на спатканьне. Яшчэ мне вядома, што Казулін адмовіцца браць копію прысуду”.

Нагадаю, палітык не прызнае прысуду, які вынес яму ўчора судзьдзя Аляксей Рыбакоў, а самога судзьдзю назваў “памагатым рэжыму”. Адвакаты зьбіраюцца абскардзіць прысуд у Менскім гарадзкім судзе цягам дзесяці дзён. Ігар Рынкевіч не выключае, што перагляд справы адбудзецца ў сярэдзіне жніўня. Дагэтуль Аляксандра Казуліна будуць утрымліваць у сьледчым ізалятары. Адвакат мяркуе, што гэта будзе сьледчы ізалятар Менску, а ня Жодзіна, дзе Казуліна трымалі з 25 сакавіка фактычна да суду. “Да разгляду скаргі ён прыпісаны да Маскоўскага суду, і там мусіць застацца. Але,безумоўна, у нас усё магчыма. Таму куды яго зьмесьцяць — гэта будзе новым тэстам уладзе на стаўленьне да Казуліна”, — сказаў Ігар Рынкевіч.

Былога кандыдата на прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Казуліна 13 ліпеня асудзілі на пяць з паловай гадоў зьняволеньня. Многія ў сьвеце ўжо назвалі гэты прысуд палітычным.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG