Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці аб’яднаюцца камуністы?


Радыё Свабода Напярэдадні аб’яднаўчага зьезду камуністаў ягоныя арганізатары правялі прэсавую канфэрэнцыю ў Менску. Яны заявілі, што ўдзел у зьезьдзе возьмуць каля 260 дэлегатаў, якія прадстаўляюць арганізацыйныя структуры Кампартыі Беларусі й Партыі камуністаў Беларускай. У гэты ж дзень у Менску адбудзецца зьезд апазыцыйнай Партыі камуністаў Беларускай.

Паводле лідэра афіцыйнай Кампартыі Беларусі дэпутаткі Тацяны Голубевай, неабходнасьць аб’яднаньня прадыктаваная сярод іншага ціскам транснацыянальнага капіталу на Беларусь, а таксама шантажом, пагрозамі й палітычным ціскам на кіраўніцтва Беларусі з боку шэрагу заходніх палітыкаў-глябалістаў. Яшчэ дэпутатка Голубева згадала “дэструктыўную дзейнасьць” асобных лідэраў беларускіх партыяў.

(Голубева: ) “І калі пачынаецца валтузьня і асобных нашых палітычных партыяў, сёньня ўжо на Захадзе абураюцца, чаму нашы лідэры гэтых пэўных апазыцыйных партыяў больш там знаходзяцца, чым тут. Таму гэты момант адбыўся як рэвалюцыйны. Камуністы сказалі так: мы павінны быць разам і адстойваць выбар нашага народу й працаваць для гэтага”.

На пытаньне, ці зьбіраецца аб’яднаная кампартыя стаць “партыяй улады”, спадарыня Голубева адказала:

(Голубева: ) “Мы не прэтэндуем на гэтую ролю ні ў якім разе. Нас цікавіць іншае. Мы, камуністы, павінны канструктыўна працаваць з уладай”.

Падрыхтоўка да зьезду пачалася пасьля звароту ініцыятыўнай групы вэтэранаў і сяброў абедзьвюх партыяў. Паводле сакратара ЦК КПБ Георгія Атаманава, цягам апошняга году камуністы апазыцыйнай ПКБ распускалі свае партарганізацыі на сходах і пераходзілі на бок КПБ. Пасьля аб’яднаўчага зьезду, заявіла дэпутатка Тацяна Голубева, у Беларусі застанецца адна — Кампартыя Беларусі.

Як ставяцца да гэтых заяваў у апазыцыйнай ПКБ? Сакратар Алена Скрыган заявіла, што ў дзень так званага аб’яднаўчага зьезду адбудзецца зьезд ПКБ.

(Скрыган: ) “Аб’яднаўчы зьезд ня мае пад сабой ніякай прававой асновы. Думаю, што з гэтага нічога не атрымаецца. Тое, што вельмі многа сябраў нашай партыі будзе ўдзельнічаць у гэтым зьезьдзе, — таксама лухта. Усё гэта пабудавана на падмане і беззаконьні. Калі гэты зьезд — пачатак яшчэ нейкіх працэдураў супраць нашай партыі, то ў нашай краіне можа быць усё”.
XS
SM
MD
LG