Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Улада робіць выгляд, што судзяць Казуліна за чыюсьці парваную куртку, сапсаваныя амапаўскія боты. А на самой справе, за фразу “Где деньги, Александр?”


Радыё Свабода Водгукі слухачоў за пятніцу, 14 ліпеня. Круглыя суткі вы можаце тэлефанаваць па менскім нумары 290-39-52 і пакідаць свае водгукі на нашым аўтаадказьніку, а таксама дасылаць СМС-паведамленьні па нумары 391-22-24.

(Спадарыня: ) "Улада робіць выгляд, што судзяць Казуліна за чыюсьці парваную куртку, сапсаваныя амапаўскія боты. А на самой справе, за фразу “Где деньги, Александр?”, якая на ўзроўні падсьвядомасьці даўно бянтэжыць і самага някемлівага аматара ды дылетанта ад палітыкі".

(Сталы слухач: ) "Вось цікава, як вы падбіраеце людзей, што выступаюць па радыё. Ужо ім не падабаецца Януковіч там. Партыя перамагла. Чаго вам яшчэ трэба? Навошта лезьці ў гэтыя справы? Усё роўна дрэнна! Дайце людзям самім разабрацца! Што вы лезеце са сваімі камэнтарамі? І гэта называецца “Свабода”?! Гэта правакацыя! Людзі няхай разьбяруцца. Перамагла партыя рэгіёнаў. Мароз быў сьпікерам і ініцыятарам рэформ. Я лічу, ён вельмі правільныя рэчы ставіў. Што тут такога? Абавязкова Юльку трэба!"

(Спадар: ) “Я хацеў бы выказацца наконт працэсу над Казуліным. Я не ведаю, чым там усё скончылася ў судзе, але мне, канечне, шчыра шкада гэтага беларускага хлопца, які сам ня ведае, што робіць. Улез у нейкую гісторыю…Для чаго? Сур’ёзна паводзь сябе. Я б гэтае пакараньне замяніў на ўмоўнае. Далі б яму ўмоўна, няхай жыве і робіць высновы. Чаму я так лічу? Паглядзіце, што робіцца ва ўсім сьвеце: выбухі, забойствы… Вы што, ня ведаеце пра гэта? Толькі і занятыя: Лукашэнка туды, Лукашэнка сюды…Ужо надакучыла. Мілінкевіч туды, поўзае па Захадзе…Але важна тое, што Лукашэнка стварыў такую абстаноўку (і правільна), спыняючы ўсялякі экстрэмізм, што ў нас у рэспубліцы ціха, спакойна. Адзіны куток у сьвеце, дзе ўсё спакойна. За гэта трэба яму выказаць падзяку і лічыць яго найвялікшым дэмакратам. А якая там дэмакратыя?! Там жа ўсёдазвол пад лёзунгам дэмакратыі! Што творыцца?! І гэты Ізраіль забівае грамадзян і гэтак далей… Кажуць, гэта мы таксама абараняем дэмакратыю зброяю Амэрыкі. І калі гэта дэмакратыя, к чорту такую дэмакратыю! Спакойна ў рэспубліцы, жывем нармальна. І хоць ня ўсе патрэбы да канца забясьпечваюцца, але ж мірна жывем, і гэта важна.

Вось я даведаўся, што Казуліна асудзілі на пяць з паловай год. Канечне, мне вельмі шкада гэтага чалавека, гэтую аблудную авечку. Але пакараць яго трэба было. Можа, ня так сурова. І марныя ўсе гэтыя выступы. Ён сапраўды зьдзейсьніў сур’ёзны праступак. Гэта ж трэба! Амаль што арганізаваў узяцьце Бастыліі, пайшоў вызваляць злачынцаў. Такога не павінна ў нас быць. Гэта першае. Другое. Каго выводзілі яны? Дзяцей, якім далі там па даляру. Вось і ўсё. І пакалечылі некаторыя жыцьці, напэўна. Гэта ж усё сур’ёзна. Тыя дарослыя людзі, якія маюць свае перакананьні, – калі ласка, ідзіце зь лёзунгамі, плякатамі. Даказвайце, чаго вы хочаце. А то схаваліся за сьпінамі дзяцей, дзесьці поўзаюць. На вучобу ім трэба, іх выключылі за тое, што яны не хадзілі на заняткі. Усё правільна. Зьняўшы галаву, па валасах не плачуць. Трэба высновы рабіць”.

(Марыя Іванаўна Бартосік: ) "Добры дзень, дарагое Радыё Свабода! Казулін АляксандарУладзіслававіч не вінаваты. Лукашэнка пасадзіў яго за тое, што ён з народам. Так надакучылі лукашэнкаўскія “героі”. Людзі вешаюцца ад яго герояў. Дасталі ўвесь народ! Хіба ж гэта краіна, дзе самавольства ў пракуратуры, судах?! Час скончыць гэтае самавольства, спадары лукашысты. Далёка вам да Казуліна як да Месяцу. Вызваліць Казуліна! Ён не вінаваты! Перадайце, калі ласка: мы ўсе за Казуліна, мы ўсе хвалюемся, нам проста так цяжка ў гэтыя хвіліны, што мы нават ня можам выказаць усё, што набалела на душы. За свабоду Аляксандра Ўладзіслававіча Казуліна!"

(Спадарыня: ) "Я вас апошнія дні тры слухаю толькі зь перабоямі. А сёньня вас, шаноўная “Свабода”, пачула бяз дваццаці восем вечара. Ну, нешта ня тое, але ўсё роўна пачула, хоць і пад канец. Дзякую вам за ўвагу".

(Спадар: ) "На якіх хвалях лепш “лавіць” Радыё Свабода, каб было якасна?"

(Леанід з Гомелю: ) "Добры вечар, “Свабода”. Судзілішча над Казуліным – гэта ганьба судам Беларусі і праваахоўным органам. Бог іх пакарае.за няпраўду і несправядлівасьць. Жыве Беларусь!"

(Спадар: ) "Цікавая думка: колькі дадуць Лукашэнку, калі да ўлады прыйдуць дэмакраты? Ды ніколькі не дадуць! Гэта даказаў Шушкевіч, шукаючы згоды. Шушкевіч не дазволіў доступ да архіваў бальшавікоў і суд над злачынцамі савецкіх актывістаў. Так, як у Латвіі і Літве, не зрабілі. Там зрабілі правільна: судзілі ўсіх гэтых камуністаў і навялі парадак".

(Васіль Цюхай зь Бярэзіна: ) "Усё тое, у чым абвінавачваюць Аляксандра Казуліна, няпраўда. Адзінае, што ён сапраўды зрабіў, гэта разьбіў партрэт Лукашэнкі. Пры Сталіне таксама судзілі за падобныя “злачынствы.” Я ня ведаю дакладна, якія сродкі дзяржава выдаткоўвае на ўтрыманьне зьняволеных, але па міжнародных нормах лічыцца, што калі чалавек жыве меней, чым на два даляры ў дзень, дык ён знаходзіцца за рысай беднасьці. Няхай беларуская ўлада выдаткоўвае на кожнага вязьня гэтыя два даляры ў дзень, у месяц гэта 60 даляраў. Было б лепей, каб гэтыя грошы выдаваліся вязьням наяўнымі і каб вязьні мелі магчымасьць замаўляць прадукты харчаваньня з волі па сапраўдным кошце, а не толькі ў турэмнай краме ці сталовай. Таксама за працу трэба плаціць. Такая б сыстэма дазволіла значна палепшыць харчаваньне ў турмах. Магчымасьць выбару з боку вязьняў і канкурэнцыя вытворцаў прывядуць да падвышэньня якасьці харчаваньня і зьніжэньня коштаў. Але яшчэ лепей увогуле адмовіцца ад пэнітэнцыярнай сыстэмы, асабліва, калі чалавек дэкляруе, што ён жыве па хрысьціянскіх каштоўнасьцях. Нідзе ў Бібліі няма загаду прымяняць зьняволеньне ў якасьці пакараньня за злачынства. Хрыстос вучыў дараваць, а ў Старым Запавеце напісана: “вока за вока”. Ці, можа, людзі думаюць, што яны разумнейшыя і больш гуманныя, чым Бог?"

(Спадарыня: ) "Казулін не вінаваты, і прысуд несправядлівы. Гэта ўсім сьвядомым людзям зразумела. Таму гэта не апошняя інстанцыя. Ёсьць многа праваабарончых органаў, якія павінны выступіць у абарону Казуліна. Аляксандр Рыгоравіч, у цябе таксама ёсьць сыны, і прыслухайся да маці Казуліна, бо ў жыцьці могуць быць розныя абставіны, якія могуць зьмяніць лёс чалавека. Я падтрымліваю маці Казуліна і ўсіх яго родных. Не губляйце надзею, змагайцеся за яго вызваленьне. Ён будзе неўзабаве на свабодзе".

(Спадарыня: ) "Я чула, у Лідзе зьнялі помнік Леніну. Я і людзі вельмі радыя. Так і казалі: “Калі гэтага бандыта прыбяруць з нашай краіны і горада?” Нам Ленін не патрэбны. А вось такія парадкі ў нас зараз адбываюцца. Паслухайце. Я прымаю лекі ад падвышанага ціску "Энам". Мне іх прапісалі дактары ў Гародні. Там мяне добра праверылі і сказалі, што мне патрэбен “Энам.” Я прыходжу да сваёй доктаркі, а яна кажа, што ня мае права прапісаць "Энам", а піша "Анапрыл". "Анапрыл", мне сказалі, не дапамагае. Ідзіце ў аптэку, няхай вам заменяць. Я прыходзіла ў аптэку, і мне замянялі. А цяпер мне кажуць, што ім далі загад не замяняць: што напісана, тое і даваць. Я пазваніла загадчыцы цэнтральнай паліклінікі і ўсё расказала. А яна мне кажа, што ніяк ня можа дапамагчы і каб я пагаварыла з кардыёлягамі сваімі. Кардыёлягі такія самыя: адказваюць, што ня маюць права. Такія парадкі рабіліся і робяцца. А Лукашэнка застаўся, дык адбываецца такое самае прыгняценьне народу, што ня можна нідзе нічога дабіцца".

(Спадарыня: ) "Гэта вам тэлефануе ваша простая чытачка і слухачка. Я праслухала сёньня ў адным зь інтэрвію адказ спадарыні Абрамавай, і хачу ён напомніць, што дзякуючы дэмакратычным працэдурам спадарыня Вольга Абрамава трапіла ў парлямэнт. І біла сябе ў грудзі як чалавек вельмі дэмакратычны і справядлівы. Цяпер можна многа казаць. Толькі агідна чуць яе, агідна бачыць. І адзінае, што хочацца, каб ёй перадалі, гэта тое, які яна штрэйкбрэхер і наогул... Бач ты, яна не гатовая адказаць, ці справядлівы суд над Казуліным. Ды ўсе нармальныя людзі разумеюць, што гэта адзіны чалавек, які не пабаяўся сказаць праўду ў твар. І другое, я хацела б сказаць наконт лідэраў нашых партый. Ведаеце, калі сёньня адзін з кіраўнікоў партыі заяўляе, што яны, бач, абмяркоўвалі пытаньне аб тым, каб вывесьці ў абарону Казуліна некалькі там тысяч чалавек, але ж іх пасадзяць. Дык калі чалавек, што да такой ступені не разумее нічога ў палітыцы, мае сьмеласьць даваць інтэрвію, дык няхай прыгадае, якім чынам яшчэ адбываліся і аранжавая рэвалюцыя, і рэвалюцыя ў Кіргізіі…Ды людзі і іх кіраўнікі ведалі, на што яны ішлі, калі яны ў палітыцы".

(Ларыса, пэнсіянэрка: ) "Усё тое, што цяпер адбываецца з Казуліным, падкрэсьлівае тое, што апазыцыя павінна пры падтрымцы Эўразьвязу і пад уплывам нашай грамадзкасьці набыць статус дзяржаўнасьці і павінна працаваць на ўзроўні дзяржаўных органаў і ўдзельнічаць у рашэньні ўсіх важных пытаньняў, каб палепшыць дабрабыт нашых людзей. Пакуль гэтага ня будзе, так і будуць судзіць людзей, якія выказваюць свае думкі, што адрозныя ад думак афіцыйнага ураду. На жаль, нашыя прапановы, якія мы выказваем на “Свабодзе”, ня ўлічвае наш урад, бо гэта ўсё да іх не даходзіць. І гэта вельмі сумна, бо да голасу простага народу трэба прыслухацца. Казулін, па меркаваньнях простых людзей, павінен быць на свабодзе. Трэба выкарыстаць усе сродкі дзеля яго вызваленьня".
XS
SM
MD
LG