Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зь Менску ў Ліду перавезьлі бібліятэку Саюзу пісьменьнікаў (фота)


Вячаслаў Кулік, Менск На патрабаваньне Гаспадарчага суду Менску на сёньня цалкам вызваленае ад кніжак і абсталяваньня памяшканьне бібліятэкі Дому літаратара. Паводле папярэдняй дамоўленасьці, менскі кнігазбор будзе захаваны асобным фондам у цэнтральнай бібліятэцы Ліды.

За межы Менску накіроўваецца асноўная частка пісьменьніцкага кнігазбору — гэта больш за 35 тысяч тамоў. Са словаў кіраўніка справаў Саюзу Беларускіх пісьменьнікаў Анатоля Івашчанкі, судовыя выканаўцы прысьпешваюць высяленьне.

(Івашчанка: ) “Перамовы будуць весьціся постфактум, калі бібліятэка пераедзе. Тады будзем узгадняць дэталі. Будзе складзены акт на часовае захоўваньне. Гэтак мы дамаўляліся раней зь бібліятэкамі ўнівэрсытэту культуры, пэдагагічнага ўнівэрсытэту ды прэзыдэнцкай бібліятэкай”.

Анатоль Івашчанка ўдакладніў, што Таварыства беларускай мовы актыўна дапамагае Саюзу пісьменьнікаў захаваць кніжны фонд. “На сёньня найлепшыя ўмовы ў Лідзе”, — пераконвае сябра ТБМ Станіслаў Суднік.

(Суднік: ) “Таварыства беларускай мовы зацікаўленае ў тым, каб бібліятэка была захаваная. Але бібліятэка не пераходзіць ТБМ. Яна перадаецца беларускай дзяржаве ў юрыдычнай асобе аддзелу культуры Лідзкага гарвыканкаму. Ідзе рэканструкцыя будынку, які дадаткова атрымала гарадзкая бібліятэка, ён трохпавярховы — месца будзе дастаткова”.

Літаратурныя фонды ў Менску атрымлівае дырэктарка Лідзкай цэнтральнай бібліятэкі імя Янкі Купалы Тамара Зянюковіч. Да яе пытаньне.

(Карэспандэнт: ) “На жаль, спадарыня Тамара, Менск страчвае бібліятэку Саюзу пісьменьнікаў. А наколькі будзе запатрабаваная ў рэгіёне такая кніжная калекцыя?”

(Зянюковіч: ) “Менск — багаты. Ён можа страціць і не заўважыць, бо пабудаваў Нацыянальную бібліятэку, мае абласную і гарадзкую бібліятэкі. Заўважаць пісьменьнікі, што яны страцілі. Ім было тут лёгка, звыкла, даступна. Спадзяюся, што мы зробім усё магчымае, каб захаваць фонд, і каб ім магчыма было карыстацца. Тут ёсьць усё, пачынаючы ад прыродазнаўчых навук да мастацтва. Зразумела, што, магчыма, ня кожная кніга, але большая частка знойдзе ў нас свайго чытача”.

Нагадаю, 2 сакавіка Гаспадарчы суд Менску задаволіў пазоў галоўнага гаспадарчага ўпраўленьня Адміністрацыі прэзыдэнта — кіраўніцтва Саюзу мусіць пакінуць Дом літаратара й сплаціць 55 мільёнаў рублёў за арэнду.


Тацяна Зянюковіч і Станіслаў Суднік


Кнігі на вынас


Апусьцелі паліцы ў Доме літаратара


Кнігі зь Менску – у выгнаньне


Кнігі зь Менску – у выгнаньне


Кнігі зь Менску – у выгнаньне
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG