Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Адзін дзень у сям’і палітвязьня Міколы Статкевіча


Любоў Лунёва, Менск Палітзьняволены Мікола Статкевіч цяпер знаходзіцца разам зь сям’ёй у Менску — у адпачынку. Лідэра пазбаўленай рэгістрацыі сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная грамада” пакаралі двума гадамі пазбаўленьня волі за арганізацыю вулічных акцыяў пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў і рэфэрэндуму 2004 году. Мікола Статкевіч адбывае пакараньне на “хіміі” ў Баранавічах. Цягам году яго не адпускалі ў Менск. Сёлета падчас выбарчай кампаніі, а таксама ў дні правядзеньня вулічных акцыяў апазыцыі палітыка трымалі ў пакоі інтэрнату — разам 45 сутак.

Сям’я Міколы Статкевіча жыве ў трохпакаёўцы пяціпавярховіка ў вайсковым гарадку, які менчукі называюць 9-ты кілямэтар. Мне адчыніла дзьверы гаспадыня — Валянціна Статкевіч. За ёй выбег Серафім — так завуць ката, пястунчыка Валянціны. Жонка Статкевіча не бяз гонару распавяла, што продкі Серафіма жылі ў Эгіпце, а потым ангельцы вывелі пароду корніш-рэкс. Кот важна пайшоў у залю да гаспадара кватэры. У залі мала мэблі, сьцены ўпрыгожваюць вышыванкі ў рамачках пад шклом. Валянціна патлумачыла, што гэта спадчына ад бабуляў.

Валянціна й Мікола Статкевічы будуць разам два тыдні цягам ягонага адпачынку. Палітыку забаранілі нават перасякаць мяжу Першамайскага раёну сталіцы. Валянціна згадала дзень, калі ў судзе Цэнтральнага раёну Менску абвясьцілі прысуд Міколу і Паўлу Севярынцу. Яна распавяла, што была ў роспачы амаль месяц, але потым вырашыла, што трэба нечым заняцца і даказаць усім, што яна — моцная асоба. Валянціна занялася рамонтам кватэры. Цяпер амаль усё ўжо зроблена. Застаўся толькі адзін пакойчык — спальня сужэнцаў.

(Валянціна: ) “Я зразумела, што сябе трэба нечым заняць. Высьветлілася, што, калі чалавек на “хіміі”, то ён чамусьці ня мае права кіраваць машынай. Таму я вырашыла пайсьці на курсы, хаця думала, што мо ўжо й запозна. Здала зь першай спробы. Наагул, усе экзамэны, якія былі ў аўташколе і ў ДАІ, я здавала зь першага разу. Цяпер важу мужа свайго, бо ён ня мае права быць за рулём. Я ежджу на працу, а пасьля працы сустракаюся са сваімі сяброўкамі й знаёмымі. Вырашыла зрабіць мужу сюрпрыз — зрабіць рамонт у доме. Ну, усе казалі, што будзе цяжка мне адной… Вядома, цяжка… Не ставала мужа, каб ён мне дапамагаў. Але затое з рамонтам таксама дала рады. Вось муж прыехаў у адпачынак, і мне вельмі радасна, што ён нарэшце дома”.

Мікола пашкадаваў, што дома няма дачок. Кацярына й Ганна цяпер у Нямеччыне. Старэйшая вучыцца ў дактарантуры, а малодшая ў магістратуры. Гаспадар кватэры кажа, што ў адпачынку вельмі ўсьцешаны тым, што можна папросту ляжаць на канапе й глядзець тэлевізар, а можна й запрасіць да сябе сяброў.

(Мікола: ) “Абмежаваньне волі — гэта рэзкі пералом у жыцьці чалавека. Спачатку быў кепскі пакой, і суседзі не зусім адэкватныя… Я адаптаваўся дастаткова хутка, тым больш, што гэтая спэцкамэндатура шмат у чым нагадвае войска. А я ж усё-ткі гадоў дваццаць у войску праслужыў. Гэта нават дазваляе крыху па-іншаму глядзець на некаторыя рэчы: як добра жыць у сваёй хаце, спаць у сваім ложку, глядзець тэлевізар, калі захочаш, альбо чытаць, ня быць абмежаваным толькі адным горадам… Я імкнуся скарыстаць гэты час. Вельмі шмат сустрэчаў. Сёньня нядзеля, і гэта адзіны такі дзень, калі я нікуды ня выехаў для сваіх сустрэчаў. Гэты дзень я вырашыў прысьвяціць сваёй жонцы, адпачынку, сваёй сям’і. Паедзем на якое-небудзь вадасховішча ў межах Менску й пазагараем там і пакупаемся”.

Надвор’е ў Менску гэтымі днямі вельмі гарачае. Раней Мікола Статкевіч зьяжджаў у адпачынак у Крым — цяпер ён пазбаўлены магчымасьці купацца ў возеры, што пад Менскам. Давялося пайсьці на возера ў мікрараёне “Зялёны Луг”.

(Мікола: ) “Добра. Вы што?! Такое лета — сонца, вада! Нармальна”.

(Карэспандэнтка: ) “А тое, што тут шмат людзей і горад? Не такое чыстае паветра?”

(Мікола: ) “Ну, так. Гэта раздражняе. Я люблю адпачываць у месцах, дзе няма людзей. У Беларусі, дзякуй Богу, вельмі шмат такіх месцаў. У нас маланаселеная краіна, і шмат цудоўных месцаў з цудоўнай прыродай, куды б хацелася паехаць. Але, на жаль, гэтага цяпер нельга”.

Валянціна ўвесь час усьміхалася. Яна кажа, што ёй усё роўна — быць побач з мужам на моры альбо на штучным канале амаль у цэнтры гораду. Галоўнае — быць разам.

(Валянціна: ) “На жаль, хацелі паехаць на Нарач, ці яшчэ куды, але ж трэба быць толькі ў гарадзкой рысе, у межах Менску. Таму знайшлі найбліжэйшую ваду й адпачываем. Тут таксама клясна”.

Мікола Статкевіч мусіць вярнуцца ў Баранавічы 20 ліпеня. Ён не выключае, што яму зноў не дазволяць наведваць сям’ю ў Менску. Ён кажа, што трэба скарыстацца адпачынкам, каб папрацаваць і вырашыць усе партыйныя пытаньні.





На здымках: За сямейным сталом; Мікалай і Валянціна Статкевічы і кот Серафім.

Гл.таксама: Адзін дзень у сям’і палітвязьня Паўла Севярынца (фота) Адзін дзень у сям’і палітвязьня Аляксандра Казуліна (фота) Адзін дзень у сям’і палітвязьня Сяргея Скрабца (фота) Адзін дзень у сям’і палітвязьня Міколы Астрэйкі (фота) Адзін дзень у сям’і палітвязьня Сяргея Ляшкевіча (фота)
XS
SM
MD
LG