Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галяндка патрапіла ў агульны расейска-беларускі “чорны” сьпіс


Радыё Свабода Нацыянальны студэнцкі саюз Нідэрляндаў (LSVb) пратэстуе супраць дэпартацыі з Расеі лідэра арганізацыі Ірэн ван дэр Брок. 11 ліпеня ў часе пашпартнага кантролю ў маскоўскім аэрапорце расейскія памежнікі паведамілі ёй, што незалежна ад наяўнасьці ў яе пашпарце расейскай візы, спадарыня ван дэр Брок мусіць неадкладна пакінуць тэрыторыю Расейскай Фэдэрацыі, паколькі прозьвішча ван дэр Брок значыцца ў нейкім “чорным” сьпісе асобаў, якім забаронены ўезд як у Расею, так і ў Беларусь. Карэспандэнтка Свабоды датэлефанавалася ў галяндзкі горад Уртрэхт, дзе знаходзіцца штаб-кватэра нацыянальнага студэнцкага саюзу.

“Ведаеце, Ірэн цяпер адсыпаецца”, – сказаў у часе тэлефоннай размовы прадстаўнік нацыянальнага студэнцкага саюзу Нідэрляндаў Марэк Вошэк. Пасьля некалькіх гадзінаў, праведзеных у “накапляльніку” Маскоўскага аэрапорту, Ірэн ван дэр Брок пасадзілі на першы самалёт, які ляцеў у… Швайцарыю. Прамых рэйсаў у Нідэрлянды ўжо не было. Дадому, ва Ўтрэхт дзяўчына трапіла ў чацьвер.

Марэк Вошэк распавёў Свабодзе некаторыя падрабязнасьці.

( Вошэк: ) “ Ірэн ляцела ў Маскву на вакацыі разам з братам. Яны хацелі таксама наведаць Санкт-Пецярбург. Аднак, людзі ў аэрапорце заявілі ёй, што яе прыезд ў Расею непажаданы, паколькі яна знаходзіцца ў нейкім “чорным” сьпісе. Ірэн добра ведала дагэтуль, што знаходзіцца ў нейкім чорным беларускім сьпісе. Аднак, расейскія памежныя службы, як высьветлілася, мелі тыя ж сьпісы, што і беларусы, а таму Ірэн сказалі, што яна мусіць вяртацца дадому, паколькі ёй забаронены ўезд ў Расею”.

Некалькі месяцаў таму Ірэн ван дэр Брок стварыла грамадзянскую ініцыятыву “Mission to Minsk”. З таго часу, сьведчыць Марэк Вошэк, ні яна, ні яе сябры ня могуць атрымаць беларускіх візаў.

Дзейнасьць ініцыятыўнай групы адлюстраваная на яе ўласнай Інтэрнэт-старонцы www.2525.com. На сайце зьмешчаная кроніка падзеяў на Кастрычніцкай плошчы ў Менску ў часе сакавіцкіх выбараў, інфармацыя пра тых, каго ў Беларусі перасьледуюць паводле палітычных матываў. Тры месяцы таму сябры “Mission to Minsk” вырашылі аўтастопам дабрацца да Беларусі, каб перадаць прэзыдэнту Лукашэнку свае хадайніцтвы адносна вызваленьня ўдзельнікаў сакавіцкіх дэманстрацыяў. Шлях студэнтаў завяршыўся ў Варшаве, паколькі ім адмовілі ў выдачы беларускіх візаў.

Нідэрляндзкія студэнты называюць “скандальным” выпадак, які адбыўся ў маскоўскім аэрапорце зь іхным лідэрам Ірэн ван дэр Брок. Яны лічаць непрымальнай падобную салідарнасьць Расеі зь беларускім рэжымам. Пра інцыдэнт паінфармаванае замежнапалітычнае ведамства Нідэрляндаў, а таксама галяндзкія і эўрапейскія парлямэнтары. Апошнія маюць намер давесьці справу да кіраўніцтва ЭЗ. У галяндзкім МЗС Свабодзе паведамілі, што іхныя супрацоўнікі высьвятляюць абставіны інцыдэнту.
XS
SM
MD
LG