Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гаўрыла Гарэцкі (10.4.1900, в. Малая Багацькаўка (цяпер Мсьціслаўскі раён) — 20.11.1988, Менск)


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі “Імёны Свабоды”.

Пры канцы 1920-х яму шмат хто зайздросьціў: нехта — па-добраму, а нехта — зусім іначай. Дырэктар Беларускага навукова-дасьледчага інстытуту сельскай і лясной гаспадаркі. Бліскучы навуковец, які напісаў праект структуры Беларускай акадэміі навук і ў 28 гадоў стаў акадэмікам (дарэчы, самым маладым за ўсю яе гісторыю). Аўтар некалькіх манаграфіяў, у тым ліку “Межы Заходняй Беларусі ў Польшчы (нацыянальны склад насельніцтва Заходняй Беларусі)” (1928), якая атрымала шырокую вядомасьць у Эўропе, пасьля чаго Гаўрыла Гарэцкі быў запрошаны чытаць лекцыі ў Кембрыдж.

Аднак усе пляны й мары перакрэсьліў ліпень 1930-га. Арышт па справе “Саюзу вызваленьня Беларусі” і сьмяротны прысуд, заменены на дзесяць гадоў канцлягераў.

Шукаючы выйсьця ў часе сьледзтва, Гарэцкі напісаў разгорнутую “Заяву...”, дзе за фармальным прызнаньнем сваіх “нацыяналістычных памылак”, па сутнасьці мужна выказаў пратэст супроць абвінавачаньняў, як і наагул супроць палітыкі, якую Масква пачала праводзіць у Беларусі. “Кіраваў працай НДІ выключна сам”, — напісаў ён, не перакладаючы віны ні на кога з калегаў. Надзвычай шмат кажа пра прынцыповасьць Гарэцкага наступны момант “Заявы”. Пацьвярджаючы, што ў 1926 годзе падпісаў калектыўную заяву навукоўцаў пра мэтазгоднасьць увядзеньня ў Беларусі лацінскага альфабэту, ён называе свой учынак “недыялектычным”, але адразу ж абвяргае гэта, заўважаючы, што “лацінка мае ўсе перавагі перад кірыліцай і калі-небудзь увесь сьвет пяройдзе на лацінку”.

Ёсьць зьвесткі, што расстрэльныя сьпісы канчаткова зацьвярджаў асабіста Сталін. Даведаўшыся, што “контрарэвалюцыянэру” ўсяго трыццаць, “правадыр народаў” нібыта прамовіў: “Еще молодой, пусть немного поживет”.

Пасьля гэтага, у тыя самыя 30-я, Гарэцкага чакалі яшчэ два арышты і адзін сьмяротны прысуд... На Бацькаўшчыну ён здолеў вярнуцца толькі ў 1968-м.

Навуковыя працы прынесьлі Гарэцкаму сусьветную вядомасьць як выдатнаму вучонаму-геолягу і заснавальніку палеапатамалёгіі — навукі, што вывучае гісторыю рэк мінулага. Выдадзены ў 2002 годзе “Беларускім кнігазборам” важкі том “Выбранага” Гаўрылы Гарэцкага па-сапраўднаму адкрыў нам яго як таленавітага літаратара — аўтара ня толькі ўспамінаў пра брата Максіма ды іншых клясыкаў, але і публіцыстычных твораў, прысьвечаных Беларускаму Адраджэньню, лістоў, насычаных яскравымі дэталямі й фактамі. Гэтым тэкстам таксама ўласьцівая ягоная нязводная прынцыповасьць: Гарэцкі адзначае засьмечанасьць мовы Якуба Коласа русізмамі, малюе ня самы прывабны партрэт Купалавай жонкі Ўладзіславы, “стомленай, роспачлівай, нэўрастэнічнай, на ўвесь сьвет пакрыўджанай” (праўда, адразу ж адпускае ёй усе грахі за “фанатычнае пачуцьцё адказнасьці за Купалаўскую памяць”).

“Нішто не адарве мяне ад Беларусі”, — напісаў ён калісьці. Пад гэтымі словамі з поўным правам мог бы падпісацца вядомы сёньня ўсёй краіне (і ня толькі ёй) сын Гаўрылы Гарэцкага Радзім — таксама выдатны вучоны і патрыёт.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG