Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Летні альбом: сакваяж


Вінцэсь Мудроў, Полацак Новая перадача сэрыі "Летні альбом". Страшныя, сьмешныя, забытыя словы і паняцьці пары застою ўспамінае Вінцэсь Мудроў.

Пачатак сямідзясятых быў для майго пакаленьня часам апраметных п’янак. І ня дзіва, што на зьмену малагабарытным тэчкам, зь якімі хадзілі на заняткі студэнты і школьнікі, прыйшлі, у адпаведнасьці з тэорыяй дыялектычнага матэрыялізму, ёмістыя дэрматынавыя кайстры. Іх называлі францускім словам sac de voyage.

Мне й самому давялося цягацца ў інстытут з сакваяжам. Адметнасьцю дэрматынавай кайстры было тое, што ў яе лезла восем пляшак “чарніла”. Ад такога цяжару мэталёвая дуга, да якой мацавалася ручка, прагіналася, і гэтая абставіна сур’ёзна ўскладняла студэнцкае жыцьцё. Інтэрнатаўскія вахтары кожнага вечара сьвідравалі позіркамі сакваяжы і, калі прагін быў у два пальцы, спынялі студэнта і пыталіся, што той нясе. Таму, шыбуючы па “чарніла”, даводзілася прыхопліваць яшчэ й тубус. Тубус, калі яго несьці разам з сакваяжам у адной руцэ, прыкрываў шчыліну, да таго ж у яго можна было дадаткова ўпіхнуць дзьве пляшкі.

Самы танны сакваяж каштаваў 9 рублёў. У студэнтаў была завядзёнка: дарыць яго на дзень нараджэньня аднакурсьнікам. Грошы зьбіралі ўсёй групай у складчыну.

Прайшло пару гадоў, і замест чорных дэрматынавых кайстраў у моду ўвайшоў іх мадэрнізаваны варыянт: сьветла-брунатны сакваяж з цупкага скурзаму. Каштаваў ён 14 рублёў. Самымі моднымі былі сакваяжы югаслаўскай вытворчасьці. Іх выраблялі са скурзаму, які меў фактуру кракадзілавай скуры, і насілі іх выключна міністры, кіраўнікі прадпрыемстваў і дырэктары ўнівэрмагаў.

З цупкімі сакваяжамі ня толькі хадзілі на заняткі, але й езьдзілі да бацькоў у вёску. Адтуль, вядома, везьлі шматы сала ды іншыя прысмакі. Сакваяж ад таго дэфармаваўся і, што самае страшнае, ад перагрузу ў яго часьцяком адлятала ручка.

Адзін наш студэнт вярнуўся ад бацькоў з мацюгамі на вуснах і ў абдымку з напакаваным сакваяжам: ручка адарвалася па дарозе. Потым з дапамогай пасатыжаў прымацаваў яе нержавейным дротам. У выніку, чарговым разам цягнучы напакаваную кайстру, падзёр дротам новую балоньневую куртку.

У сярэдзіне сямідзясятых у руках самых “прасунутых” беларусаў зьявіліся “дыпляматы”. Гэта была вельмі модная рэч. І пыльныя кладоўкі ды антрэсолі тою парою папоўнілі таксама некалі модныя сакваяжы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG