Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Казулін: “Нашая краіна ператвараецца ў “зону” (фота)


Алег Грузьдзіловіч, Менск Аляксандар Казулін абвінаваціў суд у тым, што той выконвае загад і адмовіўся стоячы выслухаць прысуд. За гэта судзьдзя Аляксей Рыбакоў выдаліў Казуліна з залі. Праз хвіліну былі выдаленыя і ўсе прысутныя за тое, што скандавалі “Свабоду Казуліну”.

Авацыямі сустрэлі прысутныя ў судовай залі Аляксандра Казуліна. Праз хвіліну ўвайшоў судзьдзя Аляксей Рыбакоў, але Аляксандр Казулін на знак пратэсту сеў і адмовіўся слухаць прысуд стоячы. Судзьдзя папярэдзіў, што выдаліць Казуліна з залі і зрабіў заўвагу адносна ягоных паводзінаў. На гэта Казулін заявіў:

(Казулін: ) “Я паводжу сябе як трэба, а вы невінаватага чалавека засудзілі. Вы кат, які выконвае загады. Ганьба катам, ганьба Лукашэнку, ганьба сыстэме!”

У гэты момант людзі ў залі скандавалі “Свабоду Казуліну!”.

Калі болей як праз гадзіну пасьля гэтага стаў вядомы прысуд, журналісты зьвярнуліся да маці Аляксандра Казуліна Яўгеніі Дудко.

(Дудко: ) “Мой сын невінаваты, ён не хуліган. Ён крыштальнай чысьціні чалавек. За што яго асудзілі? За тое, што ён палітычны апанэнт Лукашэнкі?”

Маці Казуліна тлумачыла такі вялікі тэрмін пакараньня яе сына ў тым ліку й намерам ня даць Казуліну магчымасьці балятавацца на наступных выбарах прэзыдэнта.

Адвакат Казуліна Ігар Рынкевіч перадаў журналістам словы палітыка, якія той сказаў, калі даведаўся аб вынесеным яму прысудзе. “Нашая краіна ператвараецца ў “зону”. Я процістаяў гэтай сыстэме. Сёньня трэба дабівацца свабоды для ўсіх беларускіх палітзьняволеных, для ўсяго беларускага народу”, – заявіў Казулін.

Сваякі дапамагаюць ісьці маці Аляксандра Казуліна Яўгеніі Дудко

Міліцэйскія аўтамабілі ў двары суду Маскоўскага раёну

Маці Аляксандра Казуліна спрабуе дакрычацца да сына праз плот
XS
SM
MD
LG