Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ва Ўкраіне развалілася “аранжавая” кааліцыя?


Юры Дракахруст, Прага Чаму ва Ўкраіне развалілася “аранжавая” кааліцыя? Кааліцыя якіх сілаў можа зараз атрымаць большасьць у Вярхоўнай Радзе Ўкраіны? Якія варыянты разьвіцьця падзеяў наагул існуюць? Пра гэта ў “Экспэртызе Свабоды” разважаюць наш карэспандэнт у Кіеве Юры Сьвірко і палітычны аналітык Віталь Портнікаў.

(Дракахруст: ) Чаму развалілася "аранжавая" кааліцыя? Здаецца, пасьля доўгіх перамоваў была дасягнутая згода, была абвешчаная ўзгодненая кандыдатура на пасаду прэмьер-міністра Ўкраіна - Юлія Цімашэнка. І раптам... І раптам што? Юры Сьвірко, як бы Вы маглі патлумачыць гэтую сытуацыю?

(Сьвірко: ) Чаму кааліцыя развалілася - пра гэта можна разважаць даволі доўга, але здаецца, што ўсе пагаджаюцца ў тым, што разваліся яна з-за пэрсанальных амбіцыяў Аляксандра Мароза, які раней ужо быў сьпікерам Вярхоўнай Рады і апошнія гады марыў заняць гэтую пасаду. Аляксандар Мароз меў трэцяе паводле ўплыву мейсца ў "аранжавай" кааліцыі, якая была ім падпісаная, але праз амбіцыі іншага, блізкага да Віктара Юшчанкі палітыка - Пятра Парашэнкі, які раней быў сакратаром Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны, быў пазбаўлены магчымасьці заняць пасаду сьпікера. Таму Мароз проста перайшоў да Віктара Януковіча, дзе заняў у кааліцыі другое мейсца і таму гарантавана атрымаў пасаду сьпікэра.

(Дракахруст: ) Віталь Портнікаў, ці згодны Вы з трактоўкай сп-ра Сьвірко?

(Портнікаў: ) Лічу, што спадар Мароз наагул не датычны да развалу "аранжавай" кааліцыі, хаця б таму, што кааліцыі, як такой, не было. Кааліцыйнае пагадненьне не вызначала канкрэтных прозьвішчаў людзей, якія меліся заняць тыя ці іншыя пасады. З самага пачатку ад вылучэньня Парашэнкі на пасаду старшыні Вярхоўнай Рады было відавочна, што ён можа не набраць патрэбную колькасьць галасоў. Вылучэньне Цімашэнкі таксама не абяцала таго, што кааліцыя адбудзецца. Ані блёк "Наша Ўкраіна", ані Блёк Юліі Цімашэнкі не зрабілі нічога, каб прыбраць гэтых людзей - Парашэнку і Цімашэнку - з кіроўных пасадаў. “Аранжавая” кааліцыя магла захавацца толькі шляхам сур’ёзных кампрамісаў. У дзень , калі Мароза абралі сьпікэрам, існавала пэўная дамоўленасьць паміж Парашэнкам і Партыяй рэгіёнаў. Парашэнка ўгаворваў дэпутатаў ад Партыі рэгіёнаў і абяцаў ім, што калі стане сьпікерам, Юлія Цімашэнка ня стане кіраўніком ураду. У такой сытуацыі , калі Партыя рэгіёнаў убачыла , што Цімашэнцы "ня сьвеціць" пасада прэмьер-міністра, то тады навошта патрэбны на чале Вярхоўнай Рады Пятро Парашэнка зь яго сумнеўнай рэпутацыяй. Тут , я думаю, і Мароз, і Партыя рэгіёнаў зрабілі пэўны патрыятычны ўчынак, бо Вярхоўная Рада з абліччам Пятра Парашэнкі - гэта удар па дзяржаўным прэстыжы Ўкраіны, гэта яе сьвядомая дыскрэдытацыя.

(Дракахруст: ) Спадар Портнікаў, Вы ўжо пачалі размову пра "трэцяга, які радуецца" , якая зараз, гледзячы па ўсім, выходзіць на першае мейсца ў выніку развалу "аранжавай" кааліцыі. Ці могуць Партыя рэгіёнаў, сацыялісты і камуністы стварыць устойлівую большасьць? Наагул, якія зараз ёсьць варыянты разьвіцьця падзеяў?

(Портнікаў: ) Мне здаецца, што ёсьць некалькі розных варыянтаў. Першы варыянт - гэтага тое, што ўрад Партыі рэгіёнаў, сацыялістаў і камуністаў прыме да сваіх шэрагаў некаторых прадстаўнікоў "Нашай Украіны", а таксама бізнэсоўцаў з атачэньня Юліі Цімашэнкі, якія могуць зразумець, што яна няздольная забясьпечыць іх бізнэс-інтарэсы. І будзе такая пэўная стабілізацыя - супрацоўніцтва прэзыдэнта Юшчанкі і прэмьер-міністра Януковіча. Іншы варыянт , калі "аранжавыя" сілы не пагодзяцца з такім разьвіцьцём падзей і будуць спрабаваць дэстабілізаваць сытуацыю ў краіне. Разбурэньне ўкраінскага дзяржаўнага мэханізма, якое пачалося падчас прэзыдэнцкіх выбараў, потым было прыпынена, але працягнулася падчас парлямэнцкіх выбараў. Я думаю, што ў выніку магчымых датэрміновых парлямэнцкіх выбараў наўрад ці зьменшацца лічбы галасоў за Партыю рэгіёнаў, хутчэй такая палітычная сіла, як "Наша Ўкраіна" наагул пакіне палітычную сцэну. І магчыма Блёк Юліі Цімашэнкі атрымае тое, што мае сёньня. Інакш кажучы, тады будзе створаная рэальная ўлада Партыі рэгіёнаў і яе саюзьнікаў, прэзыдэнту Юшчанку ня будзе на каго абаперціся і ён даволі хутка будзе вымушаны пакінуць вялікую палітыку.

(Дракахруст: ) Юры Сьвірко, ці згодны Вы з Віталем? Наколькі імаверным Вам падаецца стварэньне так званай "вялікай кааліцыі" , у якую ўвойдуць і "аранжавыя" і "блакітныя"?

(Сьвірко: ) Я думаю, што прэзыдэнт Віктар Юшчанка вельмі гэтага хоча і будзе рабіць усё, каб прапрэзыдэнцкая партыя "Наша Ўкраіна" далучылася да гэтай новастворанай кааліцыі Віктара Януковіча і Аляксандра Мароза. Але вельмі шмат дэпутатаў фракцыі "Нашай Украіны" на чале з Пятром Парашэнкам заявілі, што ніколі ня пойдуць у кааліцыю са "здраднікам Марозам". Таму зараз больш імаверны альянс Юліі Цімашэнкі з тым жа Пятром Парашэнкам. Віталь Портнікаў сказаў, што "Наша Ўкраіна" можа пайсьці з палітычнай сцэны. Гэта сапраўды так, "аранжавыя" могуць стварыць новы мэга-блёк , адзіны, супольны, з агульны сьпісам, каб разам пайсьці на новыя выбары, калі прэзыдэнт Юшчанка наважыцца правесьці роспуск Вярхоўнай Рады і новыя выбары. Але перад гэтым Віктар Юшчанка будзе патрабаваць ад Вярхоўнай Рады прывесьці да прысягі Канстытуцыйны суд. Парлямэнт ужо працяглы час адмаўляецца зрабіць гэта, 9 месяцаў Канстытуцыйны суд не працуе, у ім не хапае зацьвержаных сябраў. Юшчанка спадзяецца, што магчыма можна будзе нешта зрабіць з папраўкамі да Канстытуцыі, якія абмежавалі ягоныя паўнамоцтвы з 1 студзеня гэтага году. Але нават у такім выпадку, калі ён атрымае Канстытуцыйны суд ад Вярхоўнай Рады, ён наўрад ці пойдзе на тое, каб прадстаўляць кандыдатуру Віктара Януковіча на пасаду прэмьер-міністра. Ён будзе рабіць усё, каб "Наша Ўкраіна" аб''ядналася з Партыяй Рэгіёнаў і вылучала на пасаду прэмьер-міністра больш нэўтральную фігуру, напрыклад, таго ж Юрыя Еханурава, які па ранейшаму часова ўзначальвае ўкраінскі ўрад. Ня выключана, што новы альянс, які зараз ствараецца - альянс Юліі Цімашэнкі і "Нашай Ўкраіны", на магчымых датэрміновых выбарах можа набраць арытмэтычную большасьць і аднаасобна фармаваць урад.

(Дракахруст: ) Гегэль казаў, што неабходнасьць прабівае сабе шлях праз ланцуг выпадковасьцяў. Вось гаворыцца, што "аранжавая" кааліцыя не адбылася з-за амбіцыяў Аляксандра Мароза. Гэта выпадковасьць. Але ці ёсьць у тым, што адбылося, пэўная неабходнасьць, пэўная заканамернасьць?

(Сьвірко: ) Майдан - гэта ўжо гісторыя. Каб пераканацца ў гэтым, дастаткова выйсьці на Майдан незалежнасьці ў Кіеве, дзе раней прадавалі шмат "аранжавай" сымболікі, а зараз амаль нічога няма - няма попыту, няма і прапановы. Народ расчараваўся як у лідэрах Майдану, гэтак і ў Віктары Януковічы. Яго зараз пачынаюць лічыць няўдачнікам: ён ня здолеў перамагчы на прэзыдэнцкіх выбарах, ён пакуль ня здолеў нічога зрабіць у Вярхоўнай Радзе, нават крэсла сьпікэра аддаў Марозу. У выпадку датэрміновых выбараў ён можа не палепшыць свае пазыцыі, а наадварот. Што будзе далей ва Ўкраіне, прадказаць даволі цяжка.

(Дракахруст: ) Віталь, пасьля Майдану здавалася, што Ўкраіна нарэшце вырвалася з постсавецкага балота, стала іншай краінай. Але цяперашнія падзеі ў Вярхоўнай Радзе пра гэта, мякка кажучы, ня сьведчаць.

(Портнікаў: ) Мне здаецца, што мы забываем пра галоўнае - у лідэраў Майдану не было супольнай ідэалягічнай плятформы, акрамя жаданьня атрымаць уладу і процістаяць папярэдняму намэнклятурнаму рэжыму, выхаванцамі якога яны ўсе былі, і няўдачнікамі якога яны ўсе былі, і можна сказаць і застаюцца. У новым рэжыме яны ня выглядаюць , як людзі, здольныя ўтрымаць уладу. Мы ведаем, што у Віктара Юшчанкі была даволі дакладная зьнешнепалітычная праграма - Эўразьвяз, НАТА, даволі прахалодныя адносіны з Расеяй. Аднак калі мы запытаем, якая была рэальная праграма Юліі Цімашэнкі, мы нічога акрамя папулісцкіх лёзунгаў не пачуем. Калі мы запытаем, якая падчас Майдану была праграма Аляксандра Мароза, мы таксама нічога не пачуем. Гэта была даволі дзіўная рэвалюцыя, я б назваў яе намэнклятурнай барацьбой. Большасьць людзей, якія падтрымлівалі тады Юшчанку, наўрад ці ўяўлялі, якім шляхам пойдзе Ўкраіна. Да таго ж існуе неразуменьне ўкраінскай элітай настрояў насельніцтва. Значная частка краіны, прыблізна палова краіны не падзяляе тых зьнешнепалітычных мэтаў, якія высоўвае прэзыдэнт краіны. Я днямі размаўляў з прадстаўнікамі атачэньня Віктара Юшчанкі, адзін зь іх сказаў мне вельмі цікавую рэч. Пытаньне НАТА, сказаў ён, павінна вырашаць эліта, мы наагул не павінны пытаць у народа. Калі ў народа пыталі - сказаў ён, усе дзяржавы дагэтуль знаходзіліся б у балоце. Гэтыя людзі з дэмакратычнымі маскамі на абліччах жадаюць, каб Юшчанка быў нават ня Пуціным, яны жадаюць, каб Юшчанка быў Лукашэнкам. Але Лукашэнкі ва Ўкраіне ня будзе, а той, хто паспрабуе паўтарыць яго шлях, апынецца на ўзбочыне гісторыі разам з усімі сваімі ініцыятывамі.

(Дракахруст: ) Віталь, я прашу Вас пракамэнтаваць парадаксальную заўвагу сп-ра Сьвірко, які сказаў, што ўкраінцы расчараваліся ня толькі ў героях Майдану, але і ў тых, хто ім супрацьстаяў - і ў Януковічы таксама.

(Портнікаў: ) Я думаю, што Віктар Юшчанка, Юлія Цімашэнка і ўсе "аранжавыя" сілы зрабілі ўсё магчымае, каб захаваць рэйтынг Віктара Януковіча і зрабіць з гэтага чалавека, які ня быў публічным палітыкам яшчэ два гады таму, сапраўднага лідэра той часткі Ўкраіны, якая не ўспрымае "аранжавых". Віктар Януковіч мае рэйтынг не сам па сабе. Гэта сымбаль той часткі Ўкраіны, якая не жадае бачыць на чале дзяржавы Віктара Юшчанку , не жадае бачыць на чале ўраду Юлію Цімашэнку, не жадае бачыць у крэсьле сьпікера Вярхоўнай Рады Пятра Парашэнку. Калі б сёньня на чале Партыі рэгіёнаў апынулася іншая асоба, скажам, Яўгэн Кушнароў, ён меў бы такі самы рэйтынг. Віктар Юшчанка не зразумеў, што ён павінен стаць прэзыдэнтам усіх украінцаў.

(Сьвірко: ) Цяжка сказаць, што будзе з Віктарам Юшчанкам, я думаю, што гэта сапраўды апошні тэрмін ягоных прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў, але мне падаецца, гэтым летам Юшчанка сябе яшчэ пакажа. Шмат хто ў Кіеве і ва ўсей краіне лічыць, што Юшчанка можа дзейнічаць толькі тады, калі, як той казаў, смажаны певень клюне. Здаецца, такая сытуацыя ўжо прыйшла і ў найбліжэйшая дні мы можам убачыць новага, рашучага Юшчанку. Можа , гэта будзе ненадоўга, але мне падаецца, што справа ідзе да датэрміновых парлямэнцкіх выбараў ва Ўкраіне. І гарантам Канстытуцыі і галоўным гульцом на ўкраінскай палітычнай арэне застаецца прэзыдэнт Юшчанка.
XS
SM
MD
LG