Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пчолы ў народнай традыцыі беларусаў


Вячаслаў Ракіцкі, Менск Удзельнічае фальклярыстка Лія Салавей (эфір 13 ліпеня 2006 году).

(Вячаслаў Ракіцкі: ) "Тэму гэтай перадачы падказаў наш сталы слухач Павал Чайкоўскі ў сваім званку на Свабоду. Ён запытаўся, чаму людзі пра пчалу ня кажуць, што яна “здохла”, а кажуць – “памерла”? Чаму беларусы сакралізуюць пчолаў? Як адбылася такая сакралізацыя?"

(Лія Салавей: ) “Цягам доўгіх тысячагодзьдзяў жыцьця ў прыродных умовах, чалавек пазіраў за пчоламі, карыстаўся прадуктамі іх працы і пранікся глыбокай павагай да гэтых незвычайных істотаў. Паводле беларускай міталягічнай клясыфікацыі зьяваў навакольнага сьвету, пчала, як і чалавек, аднесена да сярэдняга сьвету, сярэдзіны дрэва Сусьвету, як у наступных радках песьні:

Бо явар — дзерава шчасьлівае: Бо на версе ў явары — сіні саколік, Пасярэдзіне ў явары — роевыя пчолкі, А ў камлі ў явары — чорныя бабры.

Забарона гаварыць пра пчалу "здохла", як пра іншую "жывёліну, мае народнае абгрунтаваньне, бо толькі ў пчалы, голуба і чалавека ёсьць аднолькавы дух, інакш – душа”.

(Ракіцкі: ) “Надзяленьне пчалы душой і тым самым вылучэньне яе з астатняга жывёльнага сьвету, напэўна, паспрыяла яе раньняй сакралізацыі, што спрыяла большай ахове яе і выкарыстаньню”.

(Салавей: ) “Сапраўды, сакралізацыя пчалы зафіксавана ў шэрагу старажытных індаэўрапейскіх народаў. Так, у хетаў існаваў міт пра бога ўрадлівасьці Тэлепіну і пчалу. Тэлепіну заснуў, а разам зь ім упала ў анабіёз уся прырода, ніхто ня змог разбудзіць Тэлепіну, толькі пчала вярнула яго да дзейнасьці, а прыроду -- да жыцьця. У беларусаў таксама вясна пачынаецца з раўнадзенства, з 25 сакавіка (Зьвеставаньне), калі вылятаюць пчолы, выпаўзаюць вужы і гадзюкі, прылятаюць буслы. Усё гэта знакі пачатку новага прадукцыйнага году. 3 даўніх часоў назіралася сакралізацыя пчолаў у элінаў, пчала была культавым сымбалем багіні Артэміды, а ў Малой Азіі і Кібелы, чые сьвятаркі (жрыцы) называліся пчоламі, усё сьвяцілішча прыпадабнялася пчалінаму вульлю. У беларусаў сакральны статус пчолаў добра перададзены ў валачобных песьнях, як у наступнай:

Вот яго двор на пагурачку, На пагурачку трысьцём трышчон, Трысьцём трышчон, вароты залоты, Вароты залоты, парогі тачоны. Падваротнічка — рыб’ я костачка. Каля таго трысьця вульлі стаяць, Вульлі стаяць, пчолкі гудзяць, Пчолкі гудзяць, у палёт ляцяць. Патом таго, слаўны пане, Дай жа ты ім пасад добры, Дай жа ты ім палёт доўгі".

(Ракіцкі: ) “Сакральны статус пчолаў, відаць, знайшоў больш шырокае абгрунтаваньне ў багатай міталягічнай спадчыне беларусаў. Ці занатаваныя міты, дзе гаворыцца, што пчала створана менавіта Богам, што яна Божая жывёлінка?”

(Салавей: ) “Пра пчолаў, іх асаблівасьці, адрозьненьні ад іншых крылатых інсэктаў існуе шэраг этыялягічных паданьняў, у якіх падкрэсьліваецца стваральная| моц Бога, які ў пэўным спаборніцтве з чортам заўсёды перамагае, стварае нешта больш важнае, значнае, прыдатнае. У адным з такіх паданьняў гаворыцца, што Бог ствараў чмялёў, а чорт пчолаў. Як вядома, ад чмялёў чалавеку мала бачнай карысьці, а ад пчолаў — карысьць вялікая. Бог прапанаваў чорту памяняцца творамі, але той не згадзіўся. Тады Бог папрасіў у чорта адну пчалу, і той даў яму. Бог як падзьмуў на яе сваім Божым духам, пчала стала маткай, зазьвінела, засьпявала, усе пчолкі падняліся за ёю і ўцяклі ад чорта да Бога. Так што пчаліная матка, а зь ёю і ўсе пчолы, яе дзеці, нясуць на сабе Божае дыханьне, зьяўляецца Божай скацінкай”.

(Ракіцкі: ) “Выдатныя характарыстыкі, якімі надзяляюцца заўсёды пчолы, не выключаюць таго, што пчолы бываюць кусьлівымі, небясьпечнымі для чалавека ці свойскай жывёлы. Чаму ж гэтыя набліжаныя да Бога істоты, кусаючы свайго ворага, самі паміраюць? Яны ня здольныя выцягнуць джала з пакусанага? Што пра гэта гаворыцца ў міталёгіі?”

(Салавей: ) “Паводле аднаго зь мітаў, Бог даў людзям пчалу і загадаў любіць і шанаваць яе. Пчала кусалася, і, калі яна каго ўкусіла, той паміраў. Бачыць Бог, што пчолаў паболела, а людзей паменела. Тады ён зьмяніў парадак. Цяпер, як вядома, калі каго пчала ўкусіць, ён застанецца жывы, а сама пчала памірае. Так даў Бог, такая яго справядлівасьць”.

(Ракіцкі: ) “Народная фантазія знаходзіць дасьціпнае тлумачэньне кожнай прыкметнай зьяве, што назіраецца ў прыродзе, вобразна замацоўвае зьвесткі ў сыстэме міталягічных сюжэтаў. А як міталёгія пчолаў адбіваецца ў магічна-рытуальнай і рэальнай практыцы?”

(Салавей: ) “Паводле народных уяўленьняў, якія у многім рэальна пацьвярджаюцца, пчолы вельмі разумныя, арганізаваныя, уразьлівыя на зьнешняе, у тым ліку і магічнае, узьдзеяньне, істоты. Яны ня любяць каля сябе ляманту, мітусьні, смуроду (ад тытуню, гарэлкі, цыбулі), а станоўча рэагуюць на пах мялісы, мацярдушкі і іншых зёлак, баяцца і ня любяць чужых "благіх вачзй", рэагуюць на замовы і озныя магічныя дзеяньні. Калі ў час раскрыцьця вульля пры аглядзе, адбіраньні мёду хтосьці цікуе за імі з-за плоту ці іншай схованкі, пчолы гэта адчуваюць, злуюцца, пачынаюць кусацца, весьці неспакойна. Казімір Машыньскі занатаваў ад сям''’і Пяткевічаў магічны рытуал дзеля захаваньню рою: "Каб рой, які асеў на дрэве, не адляцеў, пакуль бортнік да яго дабярэцца, трэба са сьціснутымі ў кулак пальцамі тройчы аббегчы вакол таго дрэва і тры разы прамовіць замову: "Як етыя пальцы да маёй далоні не прыстануць, так етыя мецішча ня ўстануць. Матка Зорка! Будзем Госпада Бога брахаць і етае мецішча абіраць". Тут, верагодна, закралася памылка, якая мяняе сэнс замовы. На маю думку, замест слова "брахаць” павінна было быць "прахаць" — прасіць. Хоць тэксты замоваў для пчолаў зьяўляюцца рэдкімі, іх ведалі дасьведчаныя пчаляры і ў мінулым, 20-м стагодзьдзі, вось як гзты тэкст:

Стой, рой малады, не іграй, да сырой зямлі прыпадай! Вось вам, пчолкі, сьвятліца новая, цісовая, адмысловая. Жыць вам тут і быць сто лет і зім, і дзьвесьце, дзяцей павадзіці. I ты, матка ліпа Вальляна, ліпа красная дзявіца, і ты, труцень Іван, параней уставайце, сваіх дзетак пабуджайце і пасылайце ў цёмныя лясы, у шчырыя бары. Майце шум баравы, майце роў прудавы, мядзьведжую лапу, воўчы хвост. Саграбайцеся, зьмятайцеся. Да чужых пчолаў не лятайце, чужых да сябе не пускайце. Як маці-зямлі, свайго месца пільнуйцеся!”

(Ракіцкі: ) “Ці не зьяўляюцца пчолы ў нечым узорам для людзей?”

(Салавей: ) “Станоўчыя характарыстыкі людзей рабіліся на параўнаньні іх з пчоламі: руплівы, працавіты, як пчала, пра дружных у працы казалі: "Узяліся, рушылі, прыступілі, як пчолы (мурашкі)". А няшчасны труцень стаў увасабленьнем ленасьці, паразытычнага існаваньня: "ляжыш, як труцень" часам папракала жонка мугжа за нядбайнасьць. Дарэчы, доля трутня ў сям"і пчолаў можна сказаць трагічная: пасьля апладненьня маткі ён ужо непатрэбны, перад зімой дзеля эканоміі прадуктаў пчолкі выводзяць трутняў з вульля, адкусваюць ім крыльлі і сьпіхваюць з ганку”.

(Ракіцкі: ) “Што можна сказаць пра прадукты, якія ствараюць пчолы, — пра мёд, воск, праполіс?”

(Салавей: ) “Усе яны вядомыя са старажытнасьці як каштоўныя ня толькі ў харчаваньні, асьвятленьні, але й лячэньні, рытуальнай практыцы, абрадавай дзейнасьці. Найбольш вядомая архаічная страва, неабходная ў абрадавых застольлях, — гэта сыта: мёд, распушчаны ў халоднай вадзе.| Сыта ёсьць найбольш рацыянальным спажываньне мёду, бо мёд у вялікай колькасьці як лекавы сродак непажадана есьці. Сыта неадменная і на памінках, і на куцьцю, і як пажыўная рэч у час пастоў. Дарэчы, пчаляры, якія ў народзе заўсёды лічыліся і знахарамі, былі доўгажыхарамі, дзякуючы пчолапрадуктам захоўвалі доўга здароўе, маладосьць, былі жаданымі жаніхамі”.
XS
SM
MD
LG