Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як мог Зімоўскі атрымаць візу ў Партугалію?


Радыё Свабода Амбасадар Францыі Стэфан Шмялеўскі сёньня выказаў стаўленьне да крымінальнага перасьледу кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Казуліна й да нечаканай паездкі ў Эўразьвяз кіраўніка БТ Аляксандра Зімоўскага, які знаходзіцца ў сьпісе беларускіх чыноўнікаў, якім забаронена выдаваць візы краінаў Эўразьвязу.

Прэсавая канфэрэнцыя Стэфана Шмялеўскага была прысьвечаная нацыянальнаму сьвяту Францыі, зьвязанаму з вызваленьнем вязьняў турмы Бастыліі ў Парыжы ў 1789 годзе. Аднак закрануў ён і тэму сучасных беларускіх вязьняў — у прыватнасьці, былога кандыдата на прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Казуліна.

(Шмялеўскі: ) “Я павінен сказаць, што паводле францускіх і эўрапейскіх крытэраў спадара Казуліна не перасьледавалі б на тых падставах, паводле якіх яго перасьледуюць у Беларусі. Я ня ведаю прыкладу, каб кандыдат на прэзыдэнцкіх выбарах быў арыштаваны й перасьледаваўся такім чынам”.

Другая вострая тэма, якую закрануў амбасадар Шмялеўскі, — нечаканы візыт кіраўніка БТ Аляксандра Зімоўскага ў Партугалію ў абыход візавай забароны Эўразьвязу. У амбасадзе Францыі пільна правяралі гэты выпадак, бо тут выдаюць таксама візы ў Партугалію. На гэты момант спадар Шмялеўскі змог вылучыць два магчымыя тлумачэньні выдачы візы кіраўніку БТ — альбо спадар Зімоўскі скарыстаўся запрашэньнем ад імя міжнароднай арганізацыі, якая мае права абыходзіць візавыя забароны, такіх як ААН ці ЮНЭСКО. (Але нават калі стане зразумела, што Эўрапейскі вяшчальны саюз, які запрашаў Зімоўскага, зьяўляецца такой міжнароднай арганізацыяй, то і ў гэтым выпадку кіраўнік БТ мог бы наведаць толькі бюро гэтай арганізацыі ў Швайцарыі.) Іншае тлумачэньне — памылка, зробленая ў партугальскім кансуляце ў Маскве, дзе маюць няпоўную інфармацыю пра сьпіс асобаў, якім забаронены ўезд у Эўразьвяз.

(Шмялеўскі: ) “Гэта гіпотэзы, якія канчаткова не высьвятляюць пытаньня, але зразумела, што мы з усёй увагай паставімся, каб перагледзець гэтую сытуацыю”.

Акрамя таго, спадар Шмялеўскі назваў інвэстыцыйны клімат Беларусі рызыкоўным, што астуджае жаданьне францускіх фірмаў укладаць тут свае грошы. А гаворачы пра супрацоўніцтва паміж гарадамі-пабрацімамі Беларусі й Францыі, спадар Шмялеўскі зазначыў, што яно разьвіваецца па-рознаму. Напрыклад, супрацоўніцтва Гомелю й Клермон-Фэрану застаецца актыўным, а вось іншы францускі горад, Навэрж, некалькі гадоў таму разарваў дамову пабрацімства з Цэнтральным раёнам гораду Менску з-за палітычных падзеяў, якія адбываліся ў Беларусі.
XS
SM
MD
LG