Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ідзе другі тыдзень галадоўкі берасьцейскіх прадпрымальнікаў


Радыё Свабода У галадоўцы, якую пачалі 5 ліпеня чатыры прадпрымальнікі-ўладальнікі маршрутных таксі, на сёньняшні дзень удзельнічаюць 11 чалавек.

Як паведаміла адна з галадоўніц Любоў Разановіч, ніякай рэакцыі на гэтую акцыю пратэсту з боку берасьцейскіх уладаў пакуль няма. Усе раней заплянаваныя сустрэчы з прадастаўнікамі мясцовай вэртыкалі скасаваныя. Распавядае спадарыня Разановіч:

(Раазановіч: ) “Яны ўсё яшчэ думаюць, што гэта проста так. Яны, магчыма, мяркуюць, што мы дома харчуемся. Не, мы зьбіраемся ісьці да канца, калі нас будзе хуткая дапамога забіраць, калі прэса пачне гаварыць, і калі будзем выходзіць на тэлебачаньне. Проста гэта яшчэ тыдзень-другі так працягнецца”.

Удзельнікі галадоўкі скардзяцца, што іхняе здароўе пагаршаецца — гэта зьвязана і з надзвычайнай сьпёкай апошніх дзён. Аднак спыняць сваёй акцыі не зьбіраюцца, пакуль не адменяць рашэньня падатковых органаў спагнаць з прадпрымальнікаў так званы рэспубліканскі збор. Гаворыць Любоў Лаўруковіч, якую падаткоўцы прымушаюць сплаціць каля 40 мільёнаў рублёў:

(Лаўруковіч: ) “У нас безвыходнае становішча. Нам проста трэба, каб вырашылася нашае пытаньне. Таму што сядзім на выбухоўцы два гады. Колькі ўжо можна нэрвы нам матаць? Я лічу, што не заслужылі мы гэтага”.

Рэспубліканскі збор за карыстаньне транспартным сродкам у прадпрымальніцкай дзейнасьці ўведзены ўказам Аляксандра Лукашэнкі ў красавіку мінулага году. Аднак падатковыя органы прымушаюць аплачваць гэты збор і тых прадпрымальнікаў, якія пачалі выкарыстоўваць мікраўтобусы яшчэ да зьяўленьня ўказу. Урэшце берасьцейскім уладальнікам маршрутных таксі выставілі рахункі на некалькі дзесяткаў мільёнаў рублёў за кожную машыну.

Цяпер галадаюць пяцёра прадпрымальнікаў, а таксама іхныя сваякі й кіроўцы таксі — разам 11 чалавек.
XS
SM
MD
LG