Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія палітыкі пра падзеі ва Ўкраіне


Радыё Свабода На вуліцах Кіева зноў зьявіліся намёты. Вынесьці палітычныя спрэчкі са сьценаў Вярхоўнай Рады вырашыла Партыя рэгіёнаў, каб падтрымаць кандыдатуру Віктара Януковіча на пасаду прэм’ера, а таксама прыхільнікі Юліі Цімашэнкі, каб выказаць нязгоду з вылучэньнем кандыдатуры Януковіча. Вяртаньне Майдану выкліканае чарговым палітычным крызысам у парлямэнце пасьля таго, як лідэр сацыялістаў Аляксандар Мароз парушыў кааліцыйныя пагадненьні паміж “Нашай Украінай”, Блёкам Юліі Цімашэнкі й Сацыялістычнай партыяй Украіны, вылучыўшы сваю кандыдатуру на пасаду сьпікера. Як беларускія палітыкі ставяцца да ўкраінскіх падзеяў?

Адзін зь лідэраў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада” Ўладзімер Нісьцюк ня раз быў ва Ўкраіне падчас памаранчавай рэвалюцыі, вельмі ўважліва сочыць за падзеямі і цяпер.

(Нісьцюк: ) “Мяне больш за ўсё ўзрушыла тое, што зрабіў Аляксандар Мароз, які за пасаду сьпікера проста прадаў усё тое, што рабілася на Майдане. Так, як здрадзіў Мароз сваім паплечнікам з памаранчавай кааліцыі, — я ня ведаю прэцэдэнтаў у найноўшай гісторыі. Уражвае таксама тое, зь якім цынізмам Януковіч праводзіць Майданы і дэманструе, што ёсьць нейкая рэвалюцыйная нотка ва ўсіх тых справах, якія ён робіць. Майдан у паняцьці кожнага з нас — гэта месца барацьбы, а ня месца зьдзекаў з тых палітычных апанэнтаў, якіх цаной здрады іх паплечнікаў цяпер перамаглі”.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ігар Катляроў перакананы: гэта асабістая справа ўкраінцаў, і выступае супраць усялякага ўмяшальніцтва звонку.

(Катляроў: ) “Народ абраў дэпутатаў у парлямэнт, а цяпер яны ў парлямэнце павінны самі вырашаць, хто больш шчыра, дакладна выказвае думкі ўкраінскага народу. Канечне, ва Ўкраіне вялікая колькасьць палітычных лідэраў робіць непрадказальным далейшае разьвіцьцё падзеяў. Але, я думаю, народ украінскі разьбярэцца сам. Умешвацца іншым сілам, асабліва з-за мяжы, ва ўкраінскія падзеі, на мой погляд, няма ніякага сэнсу”.

Старшыня Партыі БНФ Вінцук Вячорка лічыць: тое, што адбываецца ва Ўкраіне, — натуральны шлях разьвіцьця дэмакратыі. І прайшоўшы гэты шлях, усталяваўшы паўнавартасны парлямэнтарызм, Украіна рана ці позна будзе нармальнай, стабільнай эўрапейскай краінай.

(Вячорка: ) “Грамадзтва ня можа разьвівацца, калі няма канфлікту й спрэчкаў. Але канфлікт і спрэчкі павінны адбывацца ў цывілізаваных рамках: гэта парлямэнцкая дыскусія, гэта, калі трэба, мітынг і шэсьце. Я думаю, калі беларускае грамадзтва ў бальшыні сваёй сасьпее ня толькі да таго, каб чакаць, што хтосьці на пляцы вырашыць ягоныя праблемы, а што праблемы гэтыя трэба вырашаць усім разам, калі трэба, выйшаўшы на свой пляц альбо ўчыніўшы іншы грамадзкі ўчынак, тады нам будзе лягчэй, чым украінцам”.
XS
SM
MD
LG