Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як у сьпёку працуецца беларускім рабочым?


Радыё Свабода На ўсёй тэрыторыі Беларусі захоўваецца гарачае надвор’е. Як у такіх умовах працуецца рабочым прамысловых прадпрыемстваў?

Менскі аўтазавод — адзін з буйнейшых у краіне. Тут занята каля двух дзесяткаў тысяч работнікаў. Пра ўмовы, у якіх яны працуюць у сьпёку, распавёў рабочы Ўладзімер Волкаў:

(Волкаў: ) “У такую сьпёку ўсе хлопцы на вуліцы стаяць. Начальства заганяе-заганяе, а яны кажуць: “Дык як жа мы пойдзем, калі ў калёнках вада — і тая цёплая”. Гэтак у нашым цэху, у прэсавым ды і ў астатніх цэхах. Раней былі такія апараты, якія рабілі газіроўку, але цяпер яны фактычна адсутнічаюць. Ахалоджанай вады ў цэхах практычна няма”.

Ня лепшае становішча з забесьпячэньнем рабочых вадой і на Менскім заводзе аўтаматычных лініяў. Гаворыць старшыня суполкі Свабоднага прафсаюзу гэтага прадпрыемства Генадзь Быкаў:

(Быкаў: ) “На МЗАЛе якія хібы? Раней, за саветамі, у кожным цэху стаяў апарат з газіраванай вадою і з простай, але з халоднай. Цяпер тут усяго адзін пункт. Трэба ісьці аж на зборку, каб набраць не тэхнічнай, а добрай артэзіянскай вады. Гэта нязручна”.

А ў якіх умовах працуюць рабочыя прадпрыемства “Лёс”, што на Віцебшчыне? Пра іх карэспандэнту “Свабоду” расказаў лідэр тутэйшай суполкі Свабоднага прафсаюзу мэталістаў Васіль Леўчанкаў:

(Леўчанкаў: ) “Дрэнна. На нашым прадпрыемстве мала дзе ёсьць вада падсоленая. Ні ў адным цэху няма сродкаў, якія б ахалоджвалі паветра. Сьпёка на вуліцы, але ж у цэхах яшчэ горш. Страшэнная справа”.

Дарэчы, умовы, якія склаліся цяпер на многіх прадпрыемствах у сувязі з гарачым надвор’ем, не адпавядаюць санітарным нормам. Вось што паведаміла прадстаўніца службы тэхнічнай інспэкцыі Фэдэрацыі прафсаюзаў Алена Сапега:

(Сапега: ) “Сярэдняя тэмпэратура ў памяшканьні павінна быць не вышэй за 25 градусаў. Гэта санітарная норма. Прычым, там улічваецца і тэмпэратура паветра, і тэмпэратура паверхні, і адносная вільгаць паветра. І калі гэтыя санітарныя нормы не выконваюцца, работы трэба альбо спыняць, альбо прыводзіць да тых паказчыкаў, якія рэкамэндуюцца санітарнымі правіламі”.

Між тым, пакуль невядомыя факты спыненьня вытворчасьці з-за сьпёкі. Паводле назіральнікаў, афіцыйныя прафсаюзы, якія дзейнічаюць на кожным прадпрыемстве, ня хочуць канфліктаваць з адміністрацыямі прадпрыемстваў. Што да незалежных прафсаюзаў, то іхным нешматлікім і нешматлюдным арганізацыям складана змагацца з кіраўнікамі заводаў за належныя ўмовы працы.
XS
SM
MD
LG