Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апошнюю маёмасьць “Белай Русі” прадаюць


Ігар Карней, Менск Колісь адна з самых магутных у краіне камэрцыйных структураў “Белая Русь”, падпарадкаваная Кіраўніцтву справаў прэзыдэнта, пазбаўляецца апошняй маёмасьці. Як расказалі былыя супрацоўнікі кампаніі, днямі пачнецца распродаж аўтамабіляў і аргтэхнікі, што ацалелі пасьля арыштаў і штрафных санкцыяў. Нагадаем, што канец “Белай Русі” быў пакладзены затрыманьнямі ў 2004 годзе яе кіраўнікоў, уключна з кіраўніцай справаў прэзыдэнта Галінай Жураўковай. Пераемнікам фірмы стаў гандлёвы дом “Усходні”, аднак ранейшага размаху ў камэрцыйных справах новае прадпрыемства адміністрацыі прэзыдэнта ўжо ня мае.

Антыкрызісным кіраўніком “Белай Русі” быў прызначаны былы міністар працы Іван Лях. Вынікам ягонай працы ў справе высьвятленьня прычынаў банкруцтва фірмы стала абвяшчэньне таргоў на маёмасьць, яшчэ не апісаную ў рамках крымінальнай справы супраць кіраўнікоў “Белай Русі”. Пакуль не ўдакладняецца мэханізм таргоў — праз аўкцыён, інтэрнэт-стаўкі ці неяк інакш, аднак адзін з былых фінансістаў “Белай Русі” лічыць, што абвешчаны распродаж ня будзе дужа маштабны.

(Супрацоўнік “Белай Русі”: ) “Асноўныя матэрыяльныя сродкі адышлі да “Ўсходняга”, таму распрадаваць асабліва няма чаго. Пара аўтамабіляў засталася, а так у выніку адпаведных махінацыяў нічога асабліва зайздроснага і не засталося. Калі толькі, яшчэ раз скажу, машыны — чатыры “Шкоды” мадэляў “Актавія” і “Фабія”. Адзіны пры гэтым плюс — аўтамабілі 2003 году”.

У гандлёвым доме “Усходні” аднак там заяўляюць, што сюды былі пераведзеныя толькі найбольш значныя актывы. Ня ёсьць вялікім сакрэтам, што ў бізнэсе “Белай Русі” сваімі рэсурсамі ўдзельнічалі высокапастаўленыя ня толькі беларускія, але і расейскія чіноўнікі.

За пяць гадоў існаваньня “Белая Русь” манапалізавала практычна ўсе стратэгічныя сфэры, выціснуўшы з рынку канкурэнтаў. Лес, нафтапрадукты, вугаль, тытунь, алькаголь, цукар, рыба і г.д — усё перайшло пад кантроль праўладных камэрсантаў. У жніўні 2003 году арыштаваныя гендырэктар “Белай Русі” Віктар Асіпенка і начальнік нафтавага аддзелу Сяргей Сьцяпанаў. У лютым 2004-га затрыманыя начальнік замежнаэканамічнага ўпраўленьня Юры Матусэвіч і намесьнік дырэктара Аляксандар Мурашка. Менавіта яны “патапілі” й Галіну Жураўкову, расказаўшы сьледчым, калі й колькі грошай перадалі кіраўніцы справаў прэзыдэнта. Прызнаньні й вяртаньне скрадзеных мільёнаў сталі нагодай да пераводу згаданых камэрсантаў пад хатні арышт, а спадарыня Жураўкова была памілаваная на асабісты загад Аляксандра Лукашэнкі. Сьцяпанаў і Асіпенка, якія сваёй віны не прызналі, адбываюць працяглыя тэрміны пакараньня.

“Белая Русь” мае дачыненьне яшчэ да аднаго скандалу. У 2002 годзе афшорная кампанія “T.E.K. Group LLC” праз латвійскую фірму падпісала дамову аб закупах нафты ў Расеі. Атрымальнікам сыравіны была “Белая Русь”. Аднак пасьля арышту Галіны Жураўковай супрацоўніцтва дачасна згарнулася, а па адным з пунктаў фігурантаў вінавацілі ў фінансавых махінацыях падчас паставак нафты ў Беларусь. Цяпер афшорная кампанія дамагаецца вярнуць грошы праз суд з адміністрацыі Лукашэнкі, а для забесьпячэньня пазову была арыштаваная маёмасьць Беларусі ў Латвіі — санаторый “Беларусь” у Юрмале. Пасьля некалькіх спробаў аспрэчыць вэрдыкт, Вярхоўны суд Латвіі пакінуў заклад. Гэта азначае, што пры ўдалым для афшорнай кампаніі разьвязаньні яна атрымае ва ўласнасьць нерухомасьць, рынкавы кошт якой ацэньваюць на 20 мільёнаў даляраў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG