Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мілінкевіч: “Пунктавыя санкцыі Эўразьвязу да Беларусі эфэктыўныя”


Алесь Дашчынскі, Менск Лідэр аб’яднанай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч заявіў, што пунктавыя санкцыі Эўразьвязу адносна Беларусі эфэктыўныя, і трэба пашыраць сьпіс чыноўнікаў, адносна якіх яны ўжываюцца. Гэтак спадар Мілінкевіч пракамэнтаваў выказваньні Эркі Туаміоя, кіраўніка МЗС Фінлядыі.

Эркі Туаміоя, міністар замежных справаў Фінляндыі, якая ад 1 ліпеня старшынюе ў Эўразьвязе, заявіў, што распачатыя Эўразьвязам жорсткія крокі супраць рэжыму Лукашэнкі недастатковыя, і палітыка ізаляцыі кіраўніцтва Беларусі аказалася няплённай. Гаворачы пра гэта кіраўнік МЗС Фінляндыі, аднак, указаў, што палітыка пунктавых санкцыяў супраць Беларусі будзе працягвацца дзеля зьмены палітычнага рэжыму ў Беларусі. Спадар Туаміоя таксама прызнаў, што забарона на паездкі ў краіны Эўразьвязу ня вельмі турбуе прэзыдэнта Лукашэнку й яго атачэньне. Кіраўнік МЗС Фінляндыі спадзяецца, што ўрэшце будуць створаныя ўмовы, якія спыняць “любую форму дыктатуры”. Гэтыя выказваньні камэнтуе Аляксандар Мілінкевіч:

(Мілінкевіч: ) “Мая думка адназначная, што пунктавыя санкцыі эфэктыўныя. Гэта сур’ёзны маральны ціск на тых, хто працуе ва ўладзе. І яны сапраўды гэтага баяцца, ім гэта вельмі непрыемна. І гэта трэба працягваць, сьпіс трэба пашыраць. Я заўсёды стаю на тым, што трэба дзяліць Беларусь на дзьве часткі — ёсьць грамадзтва і ёсьць улада. Улада — нелегітымная, незаконная, гэта ўсімі прызнана. Яна ніколі не ішла насустрач усім прапановам Захаду, а гэта дванаццаць гадоў спробаў. Грамадзянская супольнасьць і грамадзтва ў цэлым — выдатны партнэр для супрацоўніцтва. Вось такі падыход, я лічу, самы пэрспэктыўны”.

Спадар Мілінкевіч не пагаджаецца з выказваньнямі кіраўніка МЗС Фінляндыі, што, маўляў, візавыя санкцыі не турбуюць прэзыдэнта Лукашэнку й ягонае атачэньне.

(Мілінкевіч: ) “Каб такое заключэньне рабіць, трэба гэтае пытаньне задаць тут, у Беларусі. Я думаю, што ён пераказвае думку афіцыйнай беларускай улады: нас гэта не турбуе, рабеце, што хочаце. Але гэта крывадушша, гэта няпраўда. І сапраўды, гэта вельмі хвалюе на ўсіх узроўнях, я меў вельмі многа сустрэчаў і размоваў. Таму, мне здаецца, вельмі важна, каб яны слухалі і афіцыйны бок, і прадстаўнікоў беларускай грамадзянскай супольнасьці”.

Спадар Мілінкевіч назваў заяву спадара Туаміоя “таямнічай”. Таму спадзяецца на сустрэчы, у тым ліку й з кіраўніком МЗС Фінляндыі, падчас плянаванага візыту ў Фінляндыю.
XS
SM
MD
LG