Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскі мастак Нікас Сафронаў заявіў пра намер увекавечыць Лукашэнку


Радыё Свабода Вядомы расейскі мастак Нікас Сафронаў, пэрсанальная выстава якога гэтымі днямі праходзіць у рамках “Славянскага базару” ў Віцебску, расказаў, што пасьля цырымоніі адкрыцьця фэстывалю меў гутарку з Аляксандрам Лукашэнкам і папярэдне дамовіўся пра напісаньне партрэту беларускага кіраўніка. Камандзіроўка ў Менск чакаецца ўжо бліжэйшым часам. Гэта ня першая спроба ўвекавечыць Лукашэнку, але калі адны працы прафэсійныя журы бракавалі з-за нізкіх мастацкіх якасьцяў, іншыя мелі сатырычны падтэкст і аказваліся “па-за законам”.

Гэта першая спроба наблізіцца да Аляксандра Лукашэнкі з боку замежнага мастака. Аднак ёсьць адпаведны досьвед беларускіх аўтараў – праўда, у бальшыні выпадкаў не прызнаны. Практычна адразу ж пасьля прыходу да ўлады Лукашэнкі цэлая каманда карыкатурыстаў пачала эксплёатаваць вобраз маладога кіраўніка Беларусі. Адна з самых вядомых карцін пад назвай “Чаепитие” належыць пэндзлю Артура Клінава (Лукашэнка з кубкам гарбаты на тле маскоўскага Крамля). У новым тысячагодзьдзі інтарэс да асобы Лукашэнкі пачалі выяўляць прафэсійныя мастакі. Так, да 60-годзьдзя вызваленьня Беларусі партрэтыст Аляксандар Пуцейка да сьвяточнай выставы намаляваў Лукашэнку ў форме Галоўнакамандуючага ўзброенымі сіламі. Аднак журы пад кіраўніцтвам народнага мастака Беларусі Віктара Грамыкі нечакана забараніла Пуцейку выстаўляцца, спаслаўшыся на нізкую мастацкую якасьць твору. Летась Аляксандар Пуцейка памёр, а спадар Грамыка тлумачыць: палітычнага падтэксту ў тым рашэньні не было.

(Грамыка: ) “Не таму, што гэта Лукашэнка. А таму, што быў вельмі нізкі ўзровень. Я прагаласаваў супраць, і ўвогуле ніводнага голасу за гэтую працу не было. Усё з-за мастацкіх якасьцяў. Вырашылі аднагалосна, ніякіх нават спрэчак не было. Ведаючы, што ён падрыхтаваў працу, я прапанаваў прагаласаваць: ніводнага голасу “за” не было. Канешне, гэтая праца ў агульны кантэкст ня ўпісвалася. Гэта першы выпадак такой творчасьці на маёй памяці. Асабіста я штосьці ня бачыў, ня памятаю такіх твораў”.

Да расейскага мастака Нікаса Сафронава лёс больш прыхільны. У ягоным арсэнале – цэлая калекцыя партрэтаў кіраўнікоў краінаў Афрыкі і Лацінскай Амэрыкі. Праўда, зь лідэраў савецкага і пасьлясавецкага пэрыяду пакуль толькі Гейдар Аліеў, Міхаіл Гарбачоў і Ўладзімер Пуцін сталі прататыпамі імправізацый мастака. На адной з прэсавых канфэрэнцыяў у Віцебску Сафронаў заявіў, што з Лукашэнкам ня будзе “вычварацца”, як у выпадку з прэзыдэнтам Расеі (той быў намаляваны на кані ў выглядзе Напалеона). Паводле мастака, гістарычнага адпаведніка Лукашэнку шукаць не плянуе, бо Лукашэнка – цалкам самадастатковая асоба. Як выказаўся Сафронаў, гэта будзе афіцыйны, але выразны партрэт беларускага лідэра. Сафронаў не сумняецца, што здолее перадаць характар героя, паколькі хоча гэта зрабіць насамрэч. Нарэшце, удакладніў, што матэрыяльнай выгады ня прагне.

А вось беларускія мастакі, якія пачалі ўплятаць у свае творы палітычныя матывы, на дывідэнды ўсё ж разьлічваюць. Мастак Мікалай Апеок летась заснаваў суполку мастакоў-баталістаў. Каля дзясятка жывапісцаў сталі штатнымі ўдзельнікамі вучэньняў, зрабіўшы галоўнымі пэрсанажамі твораў усю вайсковую “вярхушку”. Летась трыпціх Апеока пад назвай “Шчыт Айчыны” выстаўляўся да 60-годзьдзя Перамогі савецкага народу ў вайне. У цэнтры карціны – выява Лукашэнкі, які аддае загады міністру абароны ды іншым ваеначальнікам. Спадар Апеок узгадвае, што тыя вучэньні пакінулі незьлічоную колькасьць уражаньняў.

(Апеок: ) “Мы наведалі вучэньні два разы. Гэта насамрэч уражвае! Я вам скажу: даўно ня быў у вайсковых частках. І сапраўды дзіва, калі мы бяжым праз лес, дзе стаяць ракетныя ўстаноўкі, да бою падрыхтаваліся. І раптам з-пад зямлі (слухайце, гэта ж цуд!) адкрываецца пянёк, купінка нейкая, адтуль выходзіць загарэлы, мужны падпалкоўнік: “Стаяць, мне не дакладзена, хто тут бегае”. Потым, праўда, разабраліся, ён пажадаў посьпеху і гэтак жа нечакана зьнік. Гэта ж дзіва дзіўнае! А потым – якія твары! Мужныя! І я вам скажу: мастакі павінны сказаць дзякуй гэтым хлопцам. Проста дзякуй”.

Расейскі мастак Нікас Сафронаў спадзяецца, што бліжэйшым часам удасца зрабіць вялікую выставу ў Менску, пашырыўшы жанравы дыяпазон у параўнаньні з матэрыялам, выстаўленым у Віцебску. Выставу плянуецца прымеркаваць да завяршэньня працы над партрэтам кіраўніка Беларусі.
XS
SM
MD
LG