Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму беларусы харчуюцца як давядзецца


Радыё Свабода Беларусы ядуць вельмі шмат бульбы і хлеба. Рацыён харчаваньня сярэдняга беларуса характарызуецца нізкім спажываньнем найбольш каштоўных ў біялягічных адносінах прадуктаў – мяса, малака, рыбы, морапрадуктаў, садавіны, гародніны. Траціна беларусаў харчуецца, як давядзецца. Такія вынікі сацыялягічнага апытаньня, праведзенага Рэспубліканскім цэнтрам гігіены, эпідэміялёгіі і грамадзкага здароўя сумесна з Інстытутам сацыялёгіі Акадэміі навук. Чаму?

Мяса і птушку кожны дзень ядуць 26% беларусаў, наагул не ўжываюць 2%. Малочныя прадукты кожны дзень на стале ў 48% грамадзянаў. З рыбай і морапрадуктамі сытуацыя наагул крытычная: кожны дзень іх ужываюць 3%, абыходзяцца бязь іх амаль 17%. Садавіну – гародніну штодня ўжывае 56% насельніцтва.

Затое хлеба і бульбы беларусы ядуць вельмі шмат. Большая частка насельніцтва бульбу ўжывае штодня – больш за 170 кіляграмаў на душу насельніцтва штогод. Чаму так адбываецца, разважае эканаміст Міхал Залескі.

(Залескі: ) “Зараз у нас ідзе распластаваньне насельніцтва. У нас ёсьць 9% сем’яў, якія жывуць на ўзроўні Заходняй Эўропы, 15% сем’яў, якія паводле Мінстату зьяўляюцца жабракамі, маюць менш за 160 тысяч рублёў на чалавека ў месяц. І астатнія – наша сярэдняя кляса, якая і грызе тую самую бульбу, макароны, і абы-што. Таму што культуры харчаваньня няма. Спажываньне алькаголю, тытуню высокае. А пры такіх умовах пра якія рэжымы харчаваньня можа ісьці гаворка?”

Дарэчы, толькі 25% апытаных прытрымліваюцца рэжыму харчаваньня і правілаў прыёму ежы. Прыкладна траціна насельніцтва харчуецца як прыйдзецца. Чаму так адбываецца, разважае этнакультуроляг Антаніна Хатэнка.

(Хатэнка: ) “Хутчэй, гэта лянота духоўная. Калі трэба вызначыць адносіны беларусаў да саміх сябе – мы сталі лянотным народам, які не задумляецца і пра сваё здароўе. Не задумляцца, што ты ясі – гэта значыць весьці да пагібелі сябе і ўсе будучыя пакаленьні. Таму што ў сям’і гэта сталася традыцыяй – бульбы насмажыў, бульбы наварыў… Вітамінаў амаль не ўжываем, асабліва на вёсках. Давесьці, што вунь цэлы гарод зяленіва, і яго трэба спажываць… Садзяць, а навошта – ня ведаюць”.

Эканаміст Міхал Залескі кажа, што беларускія прадпрыемствы па перапрацоўцы садавіны і гародніны ў заняпадзе. Беларускіх сокаў у крамах амаль няма, спрэс імпартныя, вельмі дарагія.

(Залескі: ) “Калі ж выходзіць на мэдычныя нормы – не мінімальныя, а рацыянальныя, аптымальныя нормы, то сокаў мы спажываем разоў у 6 менш, чым трэба. Натуральных. А дзе яны, натуральныя? Хіба ўкраінскія. А дзе беларускія? Я аднойчы скупіў у краме з дурніцаў сок у літровых слоіках. Па 6 тысяч літар, канцэнтрат. Выдатнейшы сок, не разьведзены, 100%. Дык чаму яго амаль ня робяць? У нас ягад мала? З журавінаў, брусьніцаў ня робіць ніхто”.

Вось і застаецца асноўнай ежай беларуса бульба і шкварка.
XS
SM
MD
LG