Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імёны Свабоды: Павел Жаўрыд


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі “Імёны Свабоды”

13.6.1889, в. Цецяроўка, Случчына — 14.5.1939, пасёлак Княж-Пагост, Комі АССР

Аднойчы вясновым вечарам 1937-га па ціхай утравелай вуліцы удмурцкага гарадка Сарапулу ішоў прысадзісты чалавек у кепурцы, аблічча якога выдавала ў ім нетутэйшага. Гэта быў бухгальтар Павел Жаўрыд, які адбываў высылку, ужо адседзеўшы тры гады ў канцлягерах за ўдзел у “Саюзе вызваленьня Беларусі”, справу якога ГПУ раскруціла яшчэ ў 1930-м.

У мінулым у гэтага негаваркога чалавека былі падзеі, пра якія тут ведалі толькі ў “ворганах”: удзел у Першым Усебеларускім зьезьдзе, прызначэньне Найвышэйшай Радаю Беларускае Народнае Рэспублікі камісарам Случчыны, кіраўніцтва Слуцкім збройным чынам, праца ў Інбелкульце і газэце “Зьвязда”...

Тэрмін высылкі набліжаўся да заканчэньня, і Жаўрыд думкамі быў ужо ў Беларусі. “Павел Яковлевич,— нягучна паклікаў яго хтосьці. Ён ледзь не паправіў: “Якубавіч”, але пазнаў свайго куратара-энкавэдыста. – Скоро домой, уважаемый Павел Яковлевич,— з зычлівінкай працягваў куратар.— Как там в песне поётся: “Пришла весна, и кончился мой срок...” Заглянем к нам на минутку, надо начинать оформление”.

Гаспадар знаёмага кабінэту з партрэтам таварыша Сталіна весела дастаў з тэчкі паперу: “Вот оно, родимое. Прошу ознакомиться с постановлением”. Адолеўшы радаснае хваляваньне, Жаўрыд паднёс паперыну да вачэй.

Гэта была пастанова пра новы арышт за “антысавецкую агітацыю”. У дзьверы ўжо заходзіў канваір.

Да сьмерці ў лягеры ад хваробы заставалася два гады. Да поўнай рэабілітацыі па абодвух прысудах — паўстагодзьдзя.
XS
SM
MD
LG