Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы Эўропы перадалі пэтыцыю амэрыканскаму прэзыдэнту (фота)


Радыё Свабода. Перад правядзеньнем саміту G-8 у Санкт-Пецярбурзе беларусы Эўропы перадалі праз амэрыканскае прадстаўніцтва ў Брусэлі пэтыцыю амэрыканскаму прэзыдэнту Джорджу Бушу, у якой выказалі занепакоенасьць палітычнай сытуацыяй вакол Беларусі і неаднаразовымі грубымі спробамі Расеі пазбавіць Рэспубліку Беларусь дзяржаўнай незалежнасьці.

Таксама быў перададзены Мэмарандум Рады БНР і зварот да кіраўнікоў вялікіх дзяржаваў "Аб палітычнай агрэсіі", прыняты на Сойме Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі БНФ.

Падчас перадачы пэтыцыі адбылася размова з супрацоўнікамі амэрыканскай амбасады ў Брусэлі, у якой была выказана падзяка народу, прэзыдэнту і кіраўніцтву Злучаных Штатаў Амэрыкі за пасьлядоўную палітыку ў падтрымцы дэмакратычных сілаў ня толькі ў Беларусі, але і ў іншых праблемных краінах. Супрацоўнікі амбасады выказалі разуменьне сытуацыі ў Беларусі і вакол яе.

Таксама беларускімі палітычнымі ўцекачамі з дазволу брусэльскай паліцыі і пры тэхнічнай падтрымцы Беларуска-Эўрапейскага Заадзіночаньня быў зладжаны пікет.



XS
SM
MD
LG