Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каля генэральнага консульства Польшчы ў Горадні чэргі застаюцца


Міхал Карневіч, Горадня Генэральны консул Рэспублікі Польшчы ў Горадні Тадэвуш Крэнтоўскі заявіў сёньня на прэс-канфэрэнцыі, што консульства працуе на мяжы магчымасьцяў.

Штодня выдаецца да 500 візаў, чаго раней ніколі не было, але чэргаў перад консульствам пазбавіцца так і не атрымліваецца. Сёлета ў Горадні беларускія грамадзяне атрымалі ўжо каля 70 тысяч візаў, а ў 2005-м за ўвесь год выдалі 86 тысяч. Летам, са словаў генэральнага консула, зьвяртаюцца пераважна па турыстычныя візы. Штодня выдаюць толькі да 150 візаў для дзетак, якія едуць у Польшчу на адпачынак.

Здараецца, што даводзіцца адмаўляць у візах. Сёлета такіх выпадкаў было 270. Але ў асноўным адмовы мелі непалітычны характар.

Сёньня ж падчас прэсавай канфэрэнцыі генэральны консул прадставіў новага супрацоўніка — консула ў справах культуры Марэка Малюхніка. Той распавёў пра культурныя мерапрыемствы, што плянуе консульства. Акрамя прэзэнтацыяў кніг, выставаў, пленэраў, канцэртаў, сустрэчаў зь цікавымі гасьцямі пройдзе й тэнісны турнір на кубак генэральнага консульства ў Горадні.
XS
SM
MD
LG