Лінкі ўнівэрсальнага доступу

12 ліпеня, серада


Радыё Свабода Водгукі слухачоў за сераду, 12 ліпеня. Круглыя суткі вы можаце тэлефанаваць па менскім нумары 290-39-52 і пакідаць свае водгукі на нашым аўтаадказьніку, а таксама дасылаць СМС-паведамленьні па нумары 391-22-24.

(Валянцін Кавальчук зь вёскі Вялікая Гаць Івацэвіцкага раёна: ) “Я ўчора тэлефанаваў вам наконт рэдактара рэгіянальнай газэты “Газэта для Вас” Цалоўка Лідзіі Васільеўны. Рэдакцыя знаходзіцца ў Івацэвічах. Але сваё заказное пісьмо я дасылаў не ў Івацэвічы, а ў Бярозу, карэспандэнту гэтай газэты Шчапёткінай Тамары Васільеўне, таму што яе артыкулы вельмі яскравыя і крытычныя. Я думаў, што яна прыедзе і сапраўды разьбярэцца з тым, якія паскудствы робіць мне стараста вёскі. У сваім лісьце я канкрэтна ўказаў факты, нават нарысаваў і паказаў схематычна, як дабрацца, і прасіў яе прыехаць у панядзелак. Тамара Васільеўна абяцала мне прыехаць у панядзелак, сказала, што паедзе ў рэдакцыю, пакажа пісьмо і пасьля абеду пад’едзе. Пасьля абеду я чакаў яе, аднак яна не прыехала, сказала, што рэдактар газэты Цалоўка забрала ў яе пісьмо і папрасіла, каб я патэлефанаваў ёй сёньня наконт гэтага. Сёньня я тэлефаную Цалоўцы, і яна мне адказвае, што гэта ня іх справа, што яны разьбірацца ня будуць, і каб я пісаў у дзяржаўныя органы. І быццам, што ніякай машыны карэспандэнт зь Бярозы не прасіла і нічога не казала наконт таго, каб да мяне прыехаць. Тады я патэлефанаваў Шчапёткінай Тамары Васільеўне, і яна сказала, што яна прасіла машыну і хацела прыехаць або каб прыехаў нехта зь івацэвіціх карэспандэнтаў. Выходзіць, што Цалоўка поўнасьцю прыватызавала газэту і баіцца нават узьняць носу, баіцца ўзьняць нейкія вострыя крытычныя пытаньні ў Івацэвіцкім раёне. У Бярозаўскім раёне Шчапёткіна ўзьнімае больш-менш вострыя пытаньні, а вось Цалоўка абсалютна баіцца: або перадрукуе нейкія вострыя пытаньні і тое, што датычыць Беларусі, зь БелаПАНу.

Вы не падумайце, што я вам проста так тэлефаную, бяз дай прычыны. У мяне і сапраўды ёсьць даволі важная прычына тэлефанаваць, называць пэўныя прозьвішчы людзей, хоць бы старасты вёскі – Лукашук Сьвятланы Мікалаеўны. У мяне ёсьць вельмі многа матэрыялаў, таму я прашу вас прыслаць карэспандэта якой-небудзь незалежнай газэты. Я даю гарантыю, што артыкул будзе, нават, можа быць, не адзін. Добры артыкул, таму што тое, што робіцца і рабілася тут, у Івацэвіцкім раёне, ні ў якія рамкі не ўкладваецца. Дарэчы, абласныя “Дажынкі” хочуць праводзіць у Івацэвічах гэтай восеньню. Два гады таму хацелі тут праводзіць рэспубліканскія “Дажынкі”, але ў сувязі з тым, што старшыня райвыканкаму быў злоўлены з хабарам і пасаджаны, “Дажынкі” перанесьлі ў іншае месца. Матэрыялу ў мяне шмат, таму, калі яго добра выкарыстаць, сыстэматызаваць, то будзе нейкі сэнс. Дзякуй за ўвагу”.

(Зіноўеў з Расеі: ) “Я хачу сказаць наконт Аляксандра Казуліна. На яго месцы ў судзе павінен сядзець Дзьмітры Паўлічэнка, таму што на ўсіх фотаздымках бачна, як праходзіла іх размова на праспэкце Дзяржынскага 25-га, і бачна, што Казулін падпарадкаваўся патрабаваньню не ісьці далей, павярнуўся, і ў гэты момант у сьпіну яго ўдарылі собраўцы паўлічэнкаўскія. А за што плаціць яму пятнаццаць мільёнаў беларускіх, я не разумею. За хімічныя гранаты, што былі прымененыя супраць дэманстрантаў? А можа яшчэ затрыманым на плошчы Каліноўскага трэба плаціць за аўтазакі да Акрэсьціна па цане менскага таксі? Я лічу Аляксандра Казуліна невінаватым. Лічу, што вінаваты Дзьмітры Паўлічэнка зь яго камандай, і што аднойчы яны апынуцца на лаве падсудных за неправамерныя дзеяньні”.

(Малышчыц Мікалай Васільевіч, журналіст з Салігорску: ) “У Салігорску я жыву даўно, а нарадзіўся ў вёсцы Спорава Бярозаўскага раёну Берасьцейскай вобласьці. Вёска Спорава месьціцца на беразе Спораўскага возера і ракі Ясельда, знаходзіцца ў пятнаццаці кіламэтрах ад Белаазёрску. 15-16 ліпеня ў Спораве пройдзе трэці фэстываль гумару “Спораўскія жарты 2006”. Фэстываль меў рэспубліканскі статус, але стаў абласным, а на самой справе, міжнародным. Сёлета тут чакаюць гасьцей з Польшчы, Расеі, Украіны і, вядома ж, з Аўцюкоў. Аўцюкоўцы і спораўцы на фэстывалях гумару пастаянна змагаюцца, хто зь іх сьмяшнейшы і валодае большым гумарам. Радыё Свабода яшчэ ні разу не дабіралася да Спорава, дзе жывуць хлебасольныя людзі і размаўляюць на цудоўнай палескай мове. Запрашаю журналістаў беларускага Радыё Свабода завітаць на трэці фэстываль гумару “Спораўскія жарты 2006”. 16 ліпеня ў дзень падвядзеньня вынікаў будзе праводзіца і сьвяткаваньне вызваленьня Спорава і Бярозаўскага раёну ад нямецка-фашысцкай навалы. Якое б вы не прынялі рашэньне, патэлефануйце мне ў Салігорск: 8 017 10 3 94 49, мабільнік: 40 57 437, Малышчыц Мікалай Васільевіч. Сам буду ў Спораве, і калі вы прыедзеце, акажу вам ўсялякую дапамогу. Чакаю званка, тэлефануйце”.

(Васіль Цюхай зь Беразіна: ) “Фільм “Горад Грахоў”(“Sin City”) наўрад ці пакажуць па дзяржаўнай беларускай тэлевізіі, таму што адзін з адмоўных пэрсанажаў у гэтым фільме сказаў такую рэч: “Сіла не ідзе ад зброі, сіла ў ілжы. Я магу прама вось тут застрэліць вас, і ўсе гэтыя людзі будуць хлусіць дзеля мяне”. Вось так і адбываецца на судовых працэсах...”

(Спадар зь Пінску: ) “Толькі зьежджу ў сельскую мясцовасьць на сваю малую радзіму, як абавязкова даведаюся там нейкія навіны. Але апошнім часам навіны ў людзей усё больш трывожныя. Напрыклад, на гэтых выходных даведаўся, што ў гарадзкім пасёлку Целяханы, быццам, зьбіраюцца зачыніць бальніцу. Гэтая навіна найбольш трывожная за апошнія тыдні, бо бальніца ў Целяханах абслугоўвае людзей з многіх вёсак. Сам пасёлак Целяханы ў Івацэвіцкім раёне не такі ўжо і малы. Другая навіна, гэта тое, што, напрыклад, у вёсцы Выгнасі, нягледзячы на сьпякоту, поўнасьцю адключылі вадаправод. Выключылі насосы, і вады няма ўжо некалькі тыдняў. Вось такія навіны ў той мясцовасьці. І яшчэ можна было б шмат чагорасказаць, але людзі занятыя клопатам пра ўраджай бульбы, зерня і гэтак далей. Дзякуй”.

(Спадарыня з Магілеву: ) “Хочацца папрасіць прабачэньня ў Аляксандра Казуліна за ўсе тыя зьнявагі, якія яму прыходзіцца цярпець. Прабачце за слабую падтрымку жыхароў Менску. Пракурор, судзьдзя сваімі пытаньнямі прымушаюць вас апраўдвацца за тое, чаго вы не рабілі. Гэтыя людзі бяз душы і сэрца ня вартыя таго, каб вы перад імі апраўдваліся. І таму такая вам мая парада: аб’явіце ім байкот. ...Выкарыстоўваючы сваё службовае становішча, яны ўсё сфабрыкавалі: абвінавачаньне, сьледзтва, судзілішча, ды і прысуд у іх ужо гатовы. Так што гэтыя нікчэмныя людзі, якія займаюць высокія пасты, сьмела ідуць на злачынства, ведаючы, што ім за гэта нічога ня будзе. Ня вартыя яны таго, каб вы перад імі апраўдваліся”.

(Уладзімер: ) “Прывітаньне. Я наконт пытаньня тыдня. Так, сапраўды, спадара Казуліна нельга лічыць злачынцам. Гэта чалавек, які кінуў выклік сыстэме, знайшоў мужнасьць зрабіць гэты крок, што ў нашых умовах вельмі няпроста. Але трэба ўсьвядоміць, як Казуліну, так і Мілінкевічу ды іншым нашым партыйным правадырам, што шараговыя актывісты партыяў і рухаў, асабліва моладзь, – гэта не гарматнае мяса, якое можна кінуць на гэтую сыстэму, а людзі, якія шчыра вераць у перамены і якім можна лёгка паламаць лёс. Таму тое, што было зроблена 25 сакавіка, выглядае хутчэй як крок адчаю. Бо кідаць безабаронных людзей на шэрагі АМАПу, гэта ня самае лепшае выйсьце. І трэба думаць, як у гэтых умовах дзейнічаць. Бо, фактычна, яны не толькі не выказалі салідарнасьці, а наадварот паспрыялі гэтаму ж самаму рэжыму ў выглядзе выплаты штрафаў і гэтак далей”.
XS
SM
MD
LG