Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На “Лініі Сталіна” паставяць балістычную ракету


Радыё Свабода У Баранавічах будзе дэмантаваны помнік са стратэгічнай ракетай Р-12. Паводле рашэньня гарвыканкаму, корпус ад пагрозьлівай ядзернай зброі будзе перададзены на “Лінію Сталіна” ля Заслаўя.

Нацэленая з пастамэнту ў неба вастраносая ракета ў Баранавічах — гэта экзэмпляр стратэгічнай савецкай зброі. Паводле дамовы аб абмежаваньні стратэгічнага ўзбраеньня паміж СССР і ЗША, 226 ракетаў гэтай клясы ліквідавалі ў Беларусі да сярэдзіны 1991 году. “Тая, што ў Баранавічах, — пустацелая, але таксама небясьпечная”, — гаворыць галоўны архітэктар гораду Баляслаў Тумашчык.

(Тумашчык: ) “Самога начыньня ў ракеце няма, засталася фактычна адна абалонка. Ракета паржавела. Яна ж трымаецца толькі дзякуючы чатыром мэталічным тросам. Яны таксама вельмі небясьпечныя”.

І ўсё ж, як даводзіць спадар Тумашчык, састарэласьць сымбалю халоднай вайны — не галоўная прычына, што прысьпешвае зьняць ракету з пастамэнту:

(Тумашчык: ) “Ёсьць у нас афіцыйная папера. Рашэньне такое прынятае. Ракету трэба перадаць у музэй ваеннай тэхнікі”.

Новым уладальнікам ракеты з Баранавічаў стане комплекс “Лінія Сталіна”. Як паведаміў кіраўнік гэтага праекту Ўладзімер Базарнаў, тут сёньня не перапыняюцца зямельныя працы на пляцоўках і патрэбныя новыя экспанаты:

(Базарнаў: ) “Зрабілі партызанскую вёску, зрабілі стаянкі авіяцыйнай тэхнікі й ПВА, а таксама пляцоўку інжынэрных збудаваньняў”.

Пракамэнтаваць працэс узмацненьня даваеннай “Лініі Сталіна” экспанатамі ядзернага ўзбраеньня я папрасіў ваеннага гісторыка Алега Гардзіенку:

(Гардзіенка: ) “Год таму адзначалася дзьвесьце гадоў Трафалгарскай бітвы. Там наладзілі тэатралізаванае прадстаўленьне, дзе адбываліся бітвы між “чырвонымі” й “белымі”. На Захадзе даўно пачалі мірыцца. У Беларусі — іншыя апэляцыі. Абавязкова трэба кагосьці перамагаць. І гэтае сьцягваньне тэхнікі адбываецца, пэўна, каб лішні раз нагадаць пра сваю нейкую велічнасьць. Эўропа жыве па зусім іншых канонах. А мы яшчэ засталіся ў савецкай Беларусі”.
XS
SM
MD
LG