Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ля беларуска-літоўскай мяжы знайшлі незарэгістраваныя скотамагільнікі (фота)


Віталь Сямашка, Радунь Пад Радуньню, за некалькі кілямэтраў ад беларуска-літоўскай мяжы мясцовыя жыхары знайшлі скотамагільнікі, дзе некалькі гадоў употай закопваюць трупы й вантробы здохлага быдла. Паводле меркаваньня адмыслоўцаў, гэта пагражае маштабнай экалягічнай катастрофай. Зь месца, дзе знайшлі незарэгістраваныя могільнікі, перадае Віталь Сямашка

Жудасную знаходку выпадкова зрабіў былы старшыня мясцовай філіі Саюзу палякаў, пэнсіянэр Юзаф Кірвель. Дзясяткі трупаў здохлых сьвіней за некалькі соцень мэтраў ад жывёлагадоўчага комплексу “Ківанцы” сельска-гаспадарчага каапэратыву “Доцішкі” былі нават непрысыпаныя зямлёй. Кажа спадар Кірвель.

(Кірвель: ) “І гэта з году ў год! Гэта ня толькі тут, каля Радуні прыватныя прадпрымальнікі вантробы выкідаюць у лес. Можа здарыцца эпідэмія ня толькі ў пасёлку, але і ў навакольных вёсках. Санітарна-эпідэміялягічная служба нічога ня робіць”.

Галоўны лекар Радунскай вэтэрынарнай лякарні Леанід Адамоніс быў, нібыта, уражаны маім расповедам.

(Адамоніс: ) “Ай-яй-яй, я ня ведаў, што там творыцца. Паводле заканадаўства, яны павінны быць ад населеных пунктаў, дарогаў дзесьці на паўкілямэтра — і ня менш як на два мэтры ў глыбіню. Павінна быць дахоўка, закрывацца на замок, каб людзі ня лазілі. Канечне, можа любая інфэкцыя разьвівацца, калі непахаваныя трупы”.

Калісьці ў Радуні была ўласная разьніца, але… Зноў кажа спадар Адамоніс:

(Адамоніс: ) “Яны ліцэнзіі не атрымалі, бо няма грошай, каб выконваць усе гэтыя дзяржаўныя стандарты. Былі б рэзьні, ня супраць людзі былі б і заплаціць”.

Забруджваньне навакольля ў выніку ідзе, так бы мовіць, дзьвюма плынямі: са згаданай сьвінафэрмы, а таксама ад радунскіх гандляроў, што закопваюць вантробы ў навакольных лясах. Тэлефаную Станіславу Жуку, старшыню пасялковага савету. Але той адразу перайшоў у адміністрацыйны наступ:

(Жук: ) “Дзе вы такое бачылі?! А пры чым тут я да комплексу “Ківанцы”? Там другі сельсавет, другая гаспадарка”.

(Карэспандэнт: ) “Вы ж усё-такі мэр Радуні, а гэта ў вас пад бокам — хіба вас гэта не хвалюе?”

(Жук: ) “Сёньня там быў, ніякага паху няма, я нічога падобнага ня бачыў, ні адзін чалавек не падышоў, не сказаў. Тым больш, другое месца па рэспубліцы комплекс трымае”.

30-гадовы Станіслаў дзесяць гадоў пасьвіць калгасны статак літаральна на трупах. Пытаюся, ці пастаянна даводзіцца дыхаць выпарэньнямі.

(Станіслаў: ) “Канечне, нюхаю, а куды падзецца?! Малака я ня п’ю, а вунь жыжка ў ямінах — напоўніцу”.

А вось запіс, зроблены ў прысутнасьці наведнікаў тутэйшага кірмашу, што, між іншым, месьціцца за некалькі дзясяткаў мэтраў ад будынку мясцовай адміністрацыі.

(Спадар: ) “Вакол Радуні вантробаў на дзясяткі тысяч кіляграмаў. А да Літвы да мяжы 5 кілямэтраў — бомба запаволенага дзеяньня. Радуні пагражае экалягічная катастрофа!”

XS
SM
MD
LG