Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прафсаюз будзе пратэставаць супраць парушэньня правоў


Радыё Свабода На сёньня ў Менску заплянаваная прафсаюзная акцыя. Пратэставаць супраць парушэньня сваіх правоў зьбіраецца прафсаюз радыёэлектроннай прамысловасьці. Гэты прафсаюз адносіцца да ліку дэмакратычных. Што канкрэтна выклікае яго незадаволенасьць і ў якой форме мяркуецца акцыя.

Прафсаюз радыёэлектроннай прамысловасьці занепакоены праблемай малага росту сваіх шэрагаў. Паводле яго кіраўнікоў, гэты рост стрымліваецца штучна, паколькі ўлады адмаўляюцца рэгістраваць новаствораныя прафсаюзныя суполкі. Напрыклад, у Менску. Гаворыць старшыня прафсаюзу Генадзь Фядыніч.

(Фядыніч: ) “У нас ужо доўгі час ўлада, а калі дакладна, то адміністрацыя Савецкага раёну не рэгіструе нашу першасную арганізацыю на Менскім аўтазаводзе. Неаднойчы мы зьвярталіся і да гарадзкіх уладаў, і ў суды. І на сёньняшні час яны нам адмаўляюць у рэгістрацыі, хаця ўсе дакумэнты падрыхтаваныя ў адпаведнасьці з дэкрэтам прэзыдэнта. Ёсьць нават юрыдычны адрас. Усё гэта ёсьць, але мы ня можам паставіць гэтую арганізацыю на ўлік, і яна ня можа працаваць у адпаведнасьці з законам аб прафсаюзах, ня можа весьці калектыўныя перамовы з наймальнікам. Калі яна не зарэгістравана, дык наймальнік ня хоча зь ёй працаваць”.

З гэтай прычыны прафсаюз радыёэлектроннай прамысловасьці, як зазначыў яго лідэр, вырашыў выказаць публічны пратэст супраць дзеяньняў уладаў. Менгарвыканкам дазволіў прафсаюзу правесьці сёньня пікет у парку Дружбы народаў. Паводле спадара Фядыніча, чакаецца ўдзел у ім да 100 чалавек. Дарэчы, меркавалася, што акцыя будзе агульнанацыянальнай, паколькі суполкам гэтага прафсаюзу адмаўляюць у рэгістрацыі і ў іншых рэгіёнах– Магілёве, Берасьці, Горадні... Аднак улады гэтых гарадоў да ініцыятывы прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці паставіліся адмоўна. Вось што паведаміў карэспандэнту Свабоды прафсаюзны актывіст з Горадні Іван Роман.

(Роман: ) “Рэч у тым, што адмовілі ў правядзеньні пікету з такой матывіроўкай, што нібыта гарвыканкам зацьвердзіў пэўны сьпіс месцаў, дзе гэта дазволена. І плошча Леніна, дзе я замаўляў правядзеньне гэтага пікету, нібыта не ўваходзіць у гэты сьпіс. Тым ня менш, я лічу, што гэта не падстава, таму што ўсе мерапрыемствы, у тым ліку першамайскія, на плошчы Леніна праводзяцца. Атрымліваецца, што калі гэта праводзіць улада, то гэта нармалёва, а калі гэта іншыя арганізацыі ці асобны чалавек, то яны забараняюцца”.
XS
SM
MD
LG