Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці плянуюць у Літве “зьнішчаць мужчын”?


Тацяна Поклад, Прага У суседняй Літве выдадзены літоўскі пераклад твору знанай ў сьвеце амэрыканскай фэміністкі Валеры Соланас, які быў напісаны ў 1968 годзе і адразу зрабіўся бэстсэлерам – “Маніфэст таварыства зьнішчэньня мужчынаў”. Валеры Саланас многім вядомая больш як жанчына, якая страляла ў зорку амэрыканскага поп-арта Эндзі Уорхэла. Тым часам тэксты Валеры Саланас запатрабаваныя і сёньня, калі з’яўляецца ўсё больш фэмінісцкай літаратуры – і грунтоўных навуковых дасьледаваньняў, і лёгкіх і цікавых кніжак.

Гэта тэкст, востры, яскравы і правакацыйны, які не старэе, як бачна, але толькі здабывае усё больш папулярнасьці. Новы пераклад выклікаў хвалю цікавасьці ня толькі ў Літве, – на форумах шмат дзе абмяркоўваюцца ідэі Валеры Соланас (Valerie Solanas). Твор гэты называецца “Маніфэст таварыства зьнішчэньня мужчынаў”, у якім ёсьць, калі цытаваць аналітыкаў, і жарсьці, і жахлівы экстрэмізм, і прароцтвы. Так, менавіта – ў гэтым маніфэсьце 1968 году Валеры прадказала банкаматы, штучнае апладненьне, ўздым фэмінісцкага руху супраць мастацтва, якое прыніжае жанчын.

Цяпер, калі прароцтвы збыліся, і іншае ў тэксьце, які называюць літаратурным помнікам, можа быць прачытанае па-новаму. Калі там ёсьць гіпэрбалы і гратэск, то ёсьць там і боль і крыўда, і супраціў дыскрымінацыі жанчынаў, – а тое, што дыскрымінацыя жанчын існуе ў сьвеце, сёньня зьяўляецца агульнапрызнаным фактам.

Ці сапраўды Валеры Саланас заклікае да забойства?

Гэта літаратурны твор, ён не заклікае да забойства, але, насамрэч, утрымлівае рэзкія, правакацыйныя фармулёўкі.

Да прыкладу, Валеры Саланас піша: “Мужчыны існавалі цягам ўсёй гісторыі чалавецтва. Хваробы – таксама. Але гэта яшчэ не прычына зь імі не змагацца”.

Паводле “Маніфэсту”, мужчынам “кіруюць жывёльныя інстынкты, і ён сам гэтага жудасна саромеецца; ён хавае ад іншых свае фізіялягічныя комплексы, абсалютны эгацэнтрызм, нянавісьць, якую ён адчувае да іншых мужчын...” Тым часам патрэбы ў такіх мужчынах, паводле Валеры Саланас, няма ніякай, нават рэпрадуктыўныя іх функцыя ня мае значэньня, а сьвет, створаны паводле мужчынскіх правілаў, надзвычай недасканалы.

Паводле Валеры Саланас, грошы ня маюць ніякай людзкай падставы на існаваньне, як і нятворчая праца даўжэй за 2-3 гадзіны ў тыдзень. Яна піша: “Уся нятворчая дзейнасьць (то бок, большасьць нашай цяперашняй працы) ужо даўно магла бы быць аўтаматызаваная; у грамадзтве бяз грошай магло б быць ўсё, што пажадаецца. Аднак існуе мужчынская прычына дзеля функцыянаваньня грашовай сыстэмы”. Паводле Маніфэсту, грошы даюць мужчынам “ілюзію сваёй запатрабаванасьці, і магчымасьць апраўдаць сваё існаваньне цягам дзейнасьці, падобнай капаньню ямаў, якія адразу пасьля пачынаюць закопваць”.

Выснова аўтаркі такая – для таго, каб жанчына мела магчымасьць жыць асэнсавана, эмацыйна паўнавартасна, творча, не дапаможа і ілюзорная роўнасьць эканамічных правоў у мужчынскай працоўна-грашовай сыстэме. Трэба цалкам зьнішчыць гэтую створаную мужчынамі сыстэму, каб вызваліць жанчыну з-пад мужчынскага кантролю.

У Літве, дзякуючы новаму перакладу, многія прачыталі “Маніфэст таварыства зьнішчэньня мужчынаў” упершыню.

Так, у Літве цяпер не асабліва зьвяртаецца ўвага на новыя выданьні фэмінісцкай літарутуры, бо да гэтага прызвычаіліся, а такі твор адразу заўважылі. У Літве досыць разьвіты жаночы рух, але бальшыня фэмінісцкіх арганізацыяў сканцэнтраваная на сацыяльнай дзейнасьці. Найбуйнейшы балтыйскі інфармацыйны партал Delfi падае водгукі першых мужчынаў, якія прачыталі гэтую кнігу – агульная выснова такая, што ўсе яны значна папоўнілі свае веды. Мастацкі крытык Лайма Крэйвіце мяркуе, што правакацыйны тэкст Валеры Саланас – сапраўдная бомба ў Літве, толькі трэба яе пакласьці ў належных месцах (паводле яе, гэтыя месцы – ад Сойму і ўраду да школаў і дзіцячых садкоў). Гучаць ў Літве і нараканьні, што так позна кніга зьявілася на літоўскай мове – амаль праз 40 гадоў пасьля яе выданьня.
XS
SM
MD
LG