Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Валеры Абадзінскі


Вінцэсь Мудроў, Наваполацак Я пачуў гэтую песьню на школьным агеньчыку – правобразу сёньняшняй моладзевай дыскатэкі. Спачатку з прайгравальніка вырываўся мерны рып – усё адно, як карова жавала храбусткое сена, потым, аднекуль здалёк даляцелі гітарныя акорды і, нарэшце, прастору апанаваў надрыўна-прыдушаны голас:

– Льёт ли тёплый дождь, падает ли снег…

Прыканцы шасьцідзясятых песьня гэтая ня толькі апанавала прастору, але стала кампанэнтам навакольнага паветра. Голас яе выканаўцы, Валерыя Абадзінскага, вырываўся з вокнаў інтэрнатаў, гучаў на танцпляцоўках, заежджана сіпеў і заікаўся ў аддзелах грампласьцінак культтаварных крамаў. Ля аддзелаў заўсёды тоўпіліся вясковыя дзяўчаты, якія кожнага разу пыталіся: “Абадзінскага прадаяце?”. І прадаўшчыца, соты раз на дзень заводзячы “Ўсходнюю песьню”, адказвала: “Гэта мая пласьцінка”.

У 1969 годзе папулярнасьць Абадзінскага сягнула апагею. Ягоныя, запісаныя на “саракапятках” гіты, разьляталіся па краіне, і пад гэтую музыку маё пакаленьне любілася-кахалася, таўклося на танцпляцоўках і білася ў ваколіцах вясковых клюбаў. Абадзінскі сьпяваў пра “вочы насупраць”, пра “неадпраўленае пісьмо”, пра экзатычную Анжэлу, і маладыя бацькі давалі гэтае імя сваім нованароджаным дачкам.

У жніўні 70-га давялося мне наведаць танцы ў адным зь вясковых клюбаў. І там ня менш як дваццаць разоў пачуў “Неадпраўленае пісьмо”. “Саракапятка” была заежджаная, у адным месцы сьпявак пачынаў заікацца. І таму ля прайгравальніку сядзеў падшыванец, які перасоўваў гуказдымальнік у “заікастым” месцы.

Наступным годам наведаў канцэрт Абадзінскага. І на ўласныя вочы пабачыў як шалелі жанчыны калі сьпявак, выконваючы “Ўсходнюю песьню” сыходзіў са сцэны, і ўкленчваў перад якой-небудзь кабетай зь першага раду.

А потым ён зьнік. Песьні ягоныя яшчэ круцілі на вечарах і танцпляцоўках, але рабілі гэта, хутчэй, па інэрцыі. На сьпевака пачалі забывацца. Хадзілі чуткі, што ён канчаткова сьпіўся. Іншыя сьцьвярджалі, што Абадзінскі сьпявае ў адным з сочынскіх рэстаранаў.

Апошні раз беларуская публіка ўбачыла Абадзінскага на “Залатым шлягеры” 1996 году. Тады многія жанкі майго веку, пазнаўшы ў дарэшты распаўнелым мужчыне куміра маладосьці, змахнулі сьлязіну. І на пытаньне дачок: “Хто гэта?” – з сардэчным клёкатам у горле адказалі: “Валеры Абадзінскі”.
XS
SM
MD
LG