Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Барыса Хамайду зноў аштрафавалі за распаўсюд “Віцебскага кур’еру”


Радыё Свабода Спадара Хамайду, вядомага ў Віцебску апазыцыянэра й распаўсюдніка незалежнае прэсы, затрымліваюць ужо трэці раз за час “Славянскага базару”. Газэты “Віцебскі кур’ер” і “Наша Ніва” ён заўжды распаўсюджвае на адным і тым самым месцы, каля дому №28 па вуліцы Леніна, якраз насупраць летняга амфітэатру, дзе праходзяць асноўныя фэстывальныя канцэрты. Сёньня ён выйшаў у цэнтар гораду са сьвежым нумарам газэты “Віцебскі кур’ер”, і празь некалькі хвілінаў па яго прыехала міліцэйская машына.

Падчас затрыманьня побач з распаўсюднікам стаяла 17-гадовая Юля Гусакова. Дзяўчына вырашыла забраць у распаўсюдніка газэты, каб той ня ехаў у пастарунак зь цяжкай сумкай. Пакупнікі “Віцебскага кур’еру”, які ад пачатку гэтага году забаронена распаўсюджваць празь “Белсаюздрук”, пачалі зьвяртацца да яе. Але неўзабаве дзяўчыну таксама затрымалі.

Затрыманьне Юлі Гусаковай бачылі знаёмыя, яны й патэлефанавалі ейнай маці Сьвятлане Баранкоўскай.

(Баранкоўская: ) “Нам патэлефанавалі знаёмыя, і я пабегла яе шукаць. Мы заўжды купляем “Віцебскі кур’ер” у Барыса Хамайды, і ён паскардзіўся, што яго амаль кожны дзень затрымліваюць, і ён ня мае магчымасьці распаўсюджваць газэту. Яго затрымалі, дачка ўзяла ў яго “Кур’ер” ды пачала распаўсюджваць замест яго. Потым прыйшлі нейкія людзі ў цывільным і павезьлі яе ў райаддзел”.

Да затрыманай Юлі Гусаковай выклікалі супрацоўніка інспэкцыі ў справах непаўналетніх. Да размовы зь ім далучыліся таксама карэспандэнтка “Віцебскага кур’еру” Алена Базан, вядомы журналіст і праваабаронца Валеры Шчукін, а таксама дэпутатка Віцебскага гарсавету Вольга Карач.

Урэшце дзяўчыну адпусьцілі, узяўшы ў яе тлумачэньні.

Затрыманага Барыса Хамайду з пастарунку павезьлі ў Чыгуначны раённы суд Віцебску, дзе 7 ліпеня яго пакаралі арыштам на двое сутак, а толькі ўчора аштрафавалі на 31 тысячу рублёў. Сёньня яму зноў далі такі самы штраф. Камэнтуючы прысуд, Барыс Хамайда падкрэсьліў, што ў дадзеным выпадку гаворка мусіць ісьці не пра “гандаль у неналежным месцы”, за які яго штрафуюць, а пра парушэньне “Ўсеагульнай дэклярацыі правоў чалавека”, якая прадугледжвае ў тым ліку і права на распаўсюд і атрыманьне інфармацыі. Прычым, парушэньне нормаў міжнароднага права адбываецца якраз у часе міжнароднага фэстывалю мастацтваў, кажа спадар Хамайда.

(Хамайда: ) “Ужо адкрыта мне пра гэта кажуць: “Славянскі базар”! У Віцебску шмат начальства. Ну, пацярпіце крыху, скончыцца “Славянскі базар” — зноў будзеце стаяць!” Парушаюцца міжнародна прававыя нормы: “свабода шукаць, атрымліваць і распаўсюджваць інфармацыю”. “Усеагульная дэклярацыі правоў чалавека” дзейная, і мы не на Марсе! Мы ж у сьвеце жывем, краіна ёсьць сябрам арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў — і парушае фундамэнтальнае права!”

Нягледзячы на верагоднасьць рэпрэсіяў, Барыс Хамайда зьбіраецца распаўсюджваць недзяржаўны друк у фэстывальным Віцебску і заўтра, і штодня надалей.
XS
SM
MD
LG