Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Мазырскім раёне дзьве вёскі ў сьпёку засталіся без вады


Радыё Свабода З надыходам сьпёкі каля 2 тысяч жыхароў аграгарадка Крынічны ды суседняй вёскі Гурыны Мазырскага раёну засталіся амаль што без вады. У цэнтралізаваным водаправодзе яна зьяўляецца толькі ў нізкіх месцах і зрэдку на першых паверхах шматкватэрных дамоў.

Распавядае жыхарка аграгарадка Крынічны з вуліцы Школьнай спадарыня Ларыса:

(Ларыса: ) “Я жыву ў пяціпавярховым доме на пятым паверсе. Я ўжо забылася, калі ў мяне дома была вада. І сёньня не было ў нас вады, і ўчора, і заўчора. Як летам дажджоў няма — так у нас і вады няма. У нас практычна сем’і маладыя, ва ўсіх дзеці малыя. Вельмі цяжка”.

Яшчэ адна жыхарка Крынічнага ўдакладняе, што без вады людзі пакутуюць цэлы месяц:

(Тамара: ) “Ужо месяц вада не паказваецца, калі ня болей. У шматпавярхоўках нават зімой няма вады, ня кажучы ўжо пра лета, гэткую сьпякоту. Сядзяць людзі без вады. На дзень сыдзем на працу, а прыходзім і крычым, гвалтуем — няма вады”.

Старшыня пасялковага савету Зінаіда Рачынская распавяла: нястача вады ў Крынічным тлумачыцца тым, што засталася толькі адна рабочая сьвідравіна. Іншыя за тры дзесяцігодзьдзі існаваньня пасёлку перасталі даваць ваду. Да таго ж Крынічны паводле прэзыдэнцкай праграмы разьвіцьця аграгарадкоў разбудоўваецца, а водазабесьпячэньне ды іншыя камунальныя сеткі не разьвіваюцца.

(Рачынская: ) “Жыльлё будуем паводле прэзыдэнцкай праграмы, а сьвідравінаў не будуем. Раней было пяць сьвідравінаў, але яны за трыццаць два гады выпрацавалі рэзэрву, а новых не пабудавалі”.

Старшыня савету кажа, што дамаглася сёньня, каб ваду ў Крынічны падалі з рэзэрвовых сьвідравінаў кукурузна-каліброўнага заводу. Так што жыхары атрымаюць палёгку. Адначасова пасялковы савет стаў тлумачыць жыхарам, каб яны эканомна ставіліся да вады, не палівалі начамі агароды — іначай будуць штрафы.

(Рачынская: ) “Я ўчора і заўчора пайшла ноччу, у тры гадзіны. У каго шлянг з вадою ў разоры, у каго вада ляціць у каналізацыю, у каго пырскае агарод. А ў каго, прабачце, няма. Вада ідзе туды, дзе ніжэй і дзе адкрыта. І ціск, натуральна, не падвышаецца. Ужо абышлі ўсіх, людзей папярэдзілі. Cёньня вывесілі аб’явы — забараніць поўнасьцю паліў. І ўсё! А заўтра, калі будуць паліваць, будзем штрафаваць, бо народ не разумее.”

Начальнік Мазырскай раённай камунальнай гаспадаркі Андрэй Клюкаўкін у сваю чаргу сьцьвярджае, што на гэтым тыдні ў Крынічным распачнуць рамонт артэзіянскай сьвідравіны й прыкладна празь месяц сытуацыя з вадой палепшыцца.

Пакуль жа людзі даюць рады як могуць:

(Ларыса: ) “Мы бярэм вёдры ў рукі, і пайшлі. У нас там на вуліцы выцягнулі шлянг з падвалу, і мы адтуль носім ваду. Ходзім у Гурыны да калодзежаў, калі няма вады тут, у Крынічным”.
XS
SM
MD
LG