Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Народная Воля” адзначае 11-годзьдзе (фота)


Любоў Лунёва, Менск У рэдакцыі “Народнай Волі”, падсумоўваючы сваю творчасьць, галоўным дасягненьнем лічаць тое, што ўдалося захаваць газэту й не згубіць чытачоў. Летась у кастрычніку спачатку прадпрыемства “Белпошта” выкінула газэту з падпіснога каталёгу, а потым “Белсаюздрук” адмовіўся яе распаўсюджваць праз сетку шапікаў. Рэдакцыі давялося хутка ствараць альтэрнатыўную сетку распаўсюду газэты.

Сёньня чытачы “Народнай Волі” атрымаюць 2424-ты нумар газэты. Сёлета ад пачатку году выйшла 113 нумароў. Альтэрнатыўная сетка распаўсюду трымаецца на валантэрах, прыхільніках “Народнай Волі”, якія на грамадзкіх пачатках разгружаюць газэту й раскладаюць яе ў капэрты.

Галоўны рэдактар “Народнай Волі” Іосіф Сярэдзіч сваю дзейнасьць ацаніў як штодзённае змаганьне за існаваньне газэты. Ён згадаў некалькі выпадкаў, калі газэце пагражала ліквідацыя, што ўвесь час былі праблемы з друкарняй. Газэту часта даводзілася друкаваць за мяжой. Цяпер, паводле Іосіфа Сярэдзіча, вядзецца актыўнае ліставаньне зь “Белпоштай”, Міністэрствам інфармацыі, адміністрацыяй Аляксандра Лукашэнкі. Рэдактар лічыць, што трэба не спадзявацца на літасьць чыноўнікаў, а ствараць агульную сетку распаўсюду ня толькі “Народнай Волі”, але й шэрагу іншых недзяржаўных газэтаў. Ён непакоіцца, што мабільныя групы распаўсюднікаў у абласных цэнтрах не ўратуюць сытуацыі ў рэгіёнах.

Намесьніца рэдактара Сьвятлана Калінкіна ўпэўненая, што з часам усе праблемы з распаўсюдам газэты будуць вырашаныя.

(Калінкіна: ) “Пошта гэта рабіла семдзесят гадоў. Нам на гэта спатрэбілася некалькі месяцаў. Цяпер у нас, сапраўды, цішэй. Таго аўралу, які быў вясной, ужо няма. Цяпер працаваць вельмі, вельмі цяжка, бо судовыя рэпрэсіі, якія запушчаныя супраць газэтаў, дазваляюць любому чалавеку, нават не чыноўнікам, спагнаць любыя сумы штрафаў. Таму мы над кожным матэрыялам думаем вельмі, вельмі доўга. Думаем пра наступствы. Каб былі вострыя матэрыялы ў газэце, патрэбная вялікая праца журналістаў, юрыстаў, нашых агентаў і гэтак далей”.

Нягледзячы на тое, што ў рэдакцыі ляжаць стосы газэтаў, валянтэры, супрацоўнікі рэдакцыі з аптымізмам глядзяць у будучыню. Яны ўпэўненыя, што пасьля таго, як прайшлі праз усе выпрабаваньні, газэта захаваецца.



Галоўны рэдактар Іосіф Сярэдзіч



Сьвежы выпуск "Народнай волі"



Шэф-рэдактар Сьвятлана Калінкіна
XS
SM
MD
LG