Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Судзьдзя адмовіўся выслухаць былога супрацоўніка “Алмазу”


Алег Грузьдзіловіч, Менск Абарона прасіла выклікаць гэтага чалавека як сьведку й дапытаць за зачыненымі дзьвярыма, бо ён асьцерагаецца перасьледу ўладаў. Паводле абароны, ён мог засьведчыць ўмяшальніцтва “Алмазу” ў прэзыдэнцкую выбарчую кампанію. Але гэтае хадайніцтва судзьдзя Аляксей Рыбакоў адхіліў.

На працэсе над Аляксандрам Казуліным працягваліся допыты сьведкаў, большасьць зь якіх заявіў абвінаваўчы бок. Абарона палітыка спрабуе пашырыць кола сьведкаў, але гэтыя хадайніцтвы судзьдзя адхіляе.

Чацьверты дзень у судзе Маскоўскага раёну Менску ідзе працэс над экс-кандыдатам на прэзыдэнта Аляксандрам Казуліным, якому пагражае шэсьць гадоў зьняволеньня за хуліганства й арганізацыю вулічных беспарадкаў. Палітык сваёй віны не прызнае, а сёньня ў судзе нават заявіў, што ня бачыць патрэбы прысутнічаць на працэсе, які назваў “фарсам”, а судзьдзю Аляксея Рыбакова — “рэжысэрам”. За гэта судзьдзя папярэдзіў Казуліна, што за асабістыя камэнтары выдаліць яго з працэсу да абвяшчэньня прысуду.

Між тым, абарона палітыка таксама выказвае незадавальненьне тым, як вядзе працэс судзьдзя Аляксей Рыбакоў, што пераважная большасьць хадайніцтваў адвакатаў адхіляецца, у тым ліку аб допыце новых сьведак. Гэтак, сёньня абарона прасіла выслухаць як сьведку былога супрацоўніка “Алмазу”. Адвакат Ігар Рынкевіч прасіў правесьці допыт за зачыненымі дзьвярыма, маўляў, сьведка апасаецца перасьледу ўладаў. Але судзьдзя Аляксей Рыбакоў выслухаць прапанаванага чалавека адмовіўся.

Падчас вырашэньня хадайніцтва судзьдзя назваў імя алмазаўца, якое абарона прасіла захаваць у сакрэце. Гэта Ігар Макар, які служыў у “Алмазе” каля пяці гадоў. Цяпер вядома, што ён звольніўся з “Алмазу” й пасьля сакавіцкіх выбараў зьехаў за мяжу, паколькі баіцца перасьледу ўладаў. Ігар Макар быў гатовы прыехаць у суд пад гарантыю бясьпекі. Праз адвакатаў ён распаўсюдзіў заяву, што адмаўляецца ад крапавага барэта — знака прыналежнасьці да эліты спэцназу, пратэстуючы супраць беларускага рэжыму. Вось як адвакат Ігар Рынкевіч пракамэнтаваў тое, што судзьдзя не пажадаў дапытаць гэтага чалавека.

(Рынкевіч: ) “Сьведка ведае інфармацыю прынамсі пра падзеі 2 сакавіка, і ўвогуле пра дзеяньні “Алмазу” адносна Казуліна. Але судзьдзя адмовіў, і мы лічым, што беспадстаўна. Ён проста сказаў, што гэта нібыта ня мае дачыненьня да справы”.

Сёньня працягваўся допыт сьведкаў падзеяў 17 лютага ў Нацыянальным прэсавым цэнтры. Нагадаю, Аляксандр Казулін ужо як кандыдат на прэзыдэнта зьбіраўся правесьці там прэсавую канфэрэнцыю, але яе адмянілі, а палітыка разам з актывістамі штабу не пусьцілі ў будынак. Паводле сьледзтва, у сутычцы Аляксандр Казулін нібыта ўдарыў міліцыянта Якімовіча і парваў яму куртку. Учора міліцыянт заявіў, што патрабуе спагнаць з Казуліна 2 мільёны 100 тысяч рублёў за маральную і матэрыяльную шкоду.

Намесьнік дырэктара Нацыянальнага прэс-цэнтру Аляксей Цыбулька паведаміў суду, што ў прэсавай канфэрэнцыі Казуліну было адмоўлена, паколькі статут установы не абавязваў іх праводзіць такія мерапрыемствы для кандыдата на прэзыдэнта. Але сьведка не сказаў, якім дакладна артыкулам статуту гэта абумоўлена. Пры гэтым спадар Цыбулька засьведчыў, што ня бачыў, каб Аляксандар Казулін некага біў ці рваў на ім вопратку.

Быў дапытаны і сьведка Валер Мазанік, які працуе намесьнікам дырэктара ўстановы, дзе арандуе плошчы Нацыянальны прэс-цэнтар. Валер Мазанік пацьвердзіў, што даводзіў да вартаўнікоў заданьне дырэктара не пускаць Казуліна з актывістамі яго штабу на прэсавую канфэрэнцыю, бо яе адмянілі. Але, паводле сьведкі, Аляксандар Казулін меў права прайсьці ў будынак дзеля іншых, не забароненых мэтаў.

Калі можа завяршыцца працэс над Аляксандрам Казуліным? Адвакаты кажуць, што сьпіс магчымых сьведкаў вялікі, але яго штучна скарацілі. Да таго ж у суд не зьяўляюцца некаторыя сьведкі з боку абвінавачаньня — і суд, паводле адвакатаў, на гэта не рэагуе. Таму абарона не выключае, што судовыя спрэчкі пачнуцца ўжо пры канцы тыдня.
XS
SM
MD
LG