Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літоўскі лёгкаматорны самалёт сканфіскаваў беларускі суд


Радыё Свабода Ашмянскі раённы суд сканфіскаваў у даход беларускай дзяржавы літоўскі лёгкаматорны самалёт, які на пачатку чэрвеня памылкова трапіў у Беларусь і быў затрыманы беларускімі памежнікамі разам зь пілётам і пасажыркай. Уладальнікі самалёта зьбіраюцца абскарджваць судовае рашэньне.

Паседжаньне наконт парушэньня літоўскімі лётчыкамі мытнага заканадаўства вяла выканаўца абавязкаў старшыні Ашмянскага суду Тацяна Емяльяновіч. У канцылярыі суду паведамілі, што цяпер яна занятая ў іншым працэсе і ня можа пракамэнтаваць свайго рашэньня. Інтарэсы ўладальнікаў самалёта прадстаўляў адвакат Юры Як. Ён паведаміў “Свабодзе”, што суд прызнаў літоўскага лётчыка вінаватым у парушэньні мытных правілаў паводле нядбайнасьці й пакараў штрафам на 3 мільёны 100 тысяч беларускіх рублёў з канфіскацыяй транспартнага сродку. Сканфіскаваны ў даход дзяржавы лёгкі самалёт нямецкай вытворчасьці каштуе 65 тысяч эўра. Раней паводле рашэньня Воранаўскага суду за несанкцыянаванае перасячэньне беларускай мяжы літоўскія грамадзяне сплацілі 4 мільёны 650 тысяч рублёў штрафу.

Адвакат Юры Як кажа, што будзе абскарджваць гэтыя рашэньні ў абласным судзе:

(Як: ) “Будзем рыхтаваць на скасаваньне і першага рашэньня, якое было прынятае ў Воранаве, і сёньняшняга, ухваленага ў Ашмянах”.

Дырэктар каўнаскага клюбу пілётаў “Лекіё” Далюс Лекіс зазначыў, што рашэньне беларускага суду істотна шкодзіць ягонай працы:

(Лекіс: ) “Гэта падрывае нашую дзейнасьць, вельмі моцна зашкодзіць клюбу, нашыя ўсе пляны, калі яго ня вернуць, будзе цяжка ажыцьцявіць”.

Клюб “Лекіё” зьяўляецца некамэрцыйнай арганізацыяй, якая займаецца авіяцыйнай асьветай і навучае прыватных асобаў (пераважна моладзь), якія хочуць атрымаць ліцэнзію на кіраваньне лёгкім самалётам. Спадар Лекіс кажа, што несанкцыянаванае перасячэньня беларускай мяжы літоўскім лётчыкам Тадасам Блажавічусам і ягонай сястрой Індрэ Блажавічутэ адбылося выпадкова, яны ня мелі такога намеру.

(Лекіс: ) “Абсалютна. Гэты чалавек заблукаў, бо гэта вучань, які налятаў усяго толькі дваццаць гадзінаў, ён трэніраваўся ляцець па маршруце, па карце і компасе”.

Затрыманы ў Беларусі самалёт — адзін з трох, якімі карыстаецца клюб, ён быў адзіным новым самалётам, які быў куплены за грошы сябраў клюбу.

6 чэрвеня лёгкаматорны літоўскі самалёт зь пілётам і пасажыркай несанкцыянавана прыляцеў у Беларусь. На перахоп самалёта выслалі беларускі вайсковы штурмавік Су-25 з авіябазы ў Лідзе. Літоўскага лётчыка прымусілі прызямліцца ў Лідзе, да 14 чэрвеня яго трымалі пад вартай. Ужо ў першым тлумачэньні Тадас Блажавічус паведаміў, што заляцеў у Беларусь памылкова.

Тым часам у канцы чэрвеня літоўскія СМІ паведамілі, што на тэрыторыю Літвы ў памежнай зоне двойчы заляцеў беларускі вайсковы верталёт. Беларускія ўлады пацьвердзілі, што адбываюцца плянавыя палёты дзеля агляду мяжы, аднак адмовілі факт парушэньня паветранай прасторы Літвы.
XS
SM
MD
LG