Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Насьпявае скандал вакол фінансавай дзейнасьці ОНТ


Радыё Свабода Праваахоўныя органы праводзяць фінансавую праверку дзейнасьці Другога нацыянальнага каналу (ОНТ) і некаторых студыяў, якія супрацоўнічалі зь ім. Ёсьць зьвесткі, што паводле фактаў нямэтавага выкарыстаньня дзяржаўных сродкаў ужо заведзеныя крымінальныя справы.

Як распавялі супрацоўнікі ОНТ, яшчэ на мінулым тыдні людзі ў цывільным вынесьлі з офісу тэлеканалу вялікую колькасьць скрыняў з рэчавымі доказамі. Перадусім, гэта касэты з падрыхтаванымі перадачамі, а таксама іншыя носьбіты інфармацыі. Аднак у самой кампаніі гавораць, што не валодаюць дадзенымі пра характар прэтэнзіяў з боку праваахоўных органаў да кіраўніцтва ОНТ. Гаворыць прадстаўніца каналу Аліна Праваторава:

(Праваторава: ) “А 9-й я прыйшла на працу, Рыгор Леанідавіч быў ужо на месцы, на працы ён дагэтуль, таму відавочных зьменаў у сэнсе працы няма ніякіх. У пляне паступленьня новай інфармацыі — пакуль таксама нічога новага. Але і ўчора цэлы дзень, і сёньня з раніцы Рыгор Кісель працаваў, падпісваў праграмы. Усё як звычайна, як у любы іншы працоўны дзень. Ніякіх бачных зьменаў у рэжыме працы ў нас не адбываецца”.

У Генэральнай пракуратуры гэтаксама гавораць, што пакуль рабіць нейкія заявы дачасна.

(Супрацоўнік пракуратуры: ) “Няма ў нас інфармацыі наконт Кісяля. Мы ня маем для агучваньня пакуль нічога”.

Паводле крыніцаў, сярод фігурантаў крымінальных справаў дырэктар закрытага акцыянэрнага таварыства “Тэлефільм” (тэлекампанія “ФіТ”) Андрэй Астравух, выканаўчы прад’юсар гэтай кампаніі Юры Ігруша і кіраўнік каналу ОНТ Рыгор Кісель. Гэтыя справы сталі вынікам фінансавай праверкі на тэлеканале і шэрагу студыяў, якія ў партнэрскіх дачыненьнях з ОНТ і на замову каналу рыхтавалі для яго тэматычныя перадачы. Усе ўдзельнікі скандалу адмаўляюцца даваць нейкія камэнтары. Так, Андрэй Астравух лічыць, што цяпер нічога пэўна казаць не выпадае.

(Астравух: ) “Не, прабачце, я нічога ня буду камэнтаваць”.

Былая супрацоўніца Беларускага тэлебачаньня Ганна Арцюшкевіч ня зьдзіўленая, што тэлевізійная прастора раз-пораз трапляе ў эпіцэнтар скандалаў. Нават гучны арышт экс-кіраўніка Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі Ягора Рыбакова — толькі зьвяно ў ланцугу выяўленых злоўжываньняў.

(Арцюшкевіч: ) “Сыстэма тая ж засталася. Вялізная колькасьць начальства, усе яны атрымліваюць вельмі добра. Уся сыстэма, мэханізм застаўся. А калі мэханізм застаўся, то злоўжываньні, думаю, цалкам могуць быць. Ды нават ня могуць, а пэўна, што яны прысутнічаюць і цяпер”.

Кіраўнік ОНТ Рыгор Кісель — вылучэнец Аляксандра Лукашэнкі. Пасьля прыходу да ўлады ў 1994 годзе Лукашэнка прызначыў рэдактара газэты “Магилёвские ведомости” кіраўніком Белтэлерадыёкампаніі, і ад таго часу Кісель шчыльна зьвязаны з тэлебачаньнем. У лютым 2002 году прызначаны кіраўніком Другога нацыянальнага тэлеканалу. У часе падрыхтоўкі да рэфэрэндуму 2004 году Кісель стаў суаўтарам шматсэрыйнага палітычнага баевіка “Найноўшая гісторыя” і атрымаў прэмію нацыянальнага конкурсу “Тэлевяршыня”. Яшчэ адзін магілёўскі вылучэнец Лукашэнкі, Ягор Рыбакоў, ужо больш за год адбывае пакараньне за фінансавыя злоўжываньні ў структуры Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі.
XS
SM
MD
LG