Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарадзенскага актывіста АГП трымаюць у псыхіятрычным шпіталі


Міхал Карневіч, Горадня Ад пятніцыу псыхіятрычным шпіталі Горадні ўтрымліваецца сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі — 26-гадовы Павал Язерскі. Яго завезьлі ў шпіталь зь Ленінскага аддзяленьня міліцыі пасьля таго, як затрымалі за ўдзел у акцыі да чарговай гадавіны зьнікненьня Зьмітра Завадзкага.

Падчас допыту ў міліцыі Паўлу Язерскаму стала дрэнна, у яго пачаўся прыступ астмы. Менавіта ў той час міліцыянты патрабавалі назваць імёны арганізатараў акцыі. На ўсе іхныя пытаньні Павал адказваў: “Ня памятаю”. Зь Ленінскага райаддзелу на машыне хуткай дапамогі яго адвезьлі ў псыхіятрычны шпіталь, хаця на ўліку ён там не знаходзіўся.

Сёньня я пацікавіўся ў загадчыка аддзяленьня псыхіятрычнага шпіталю Аляксандра Мурына, як пачуваецца Павал Язерскі. Лекар катэгарычна адмовіўся пра гэта размаўляць:

(Мурын: ) “Ведаеце, што я хачу вам сказаць: нават факт зьвяртаньня па мэдыцынскую дапамогу зьяўляецца таямніцай. Таму я нічога вам не магу сказаць. Адзінае, магу сказаць, што ніякай сэнсацыі альбо нечага палітычнага тут няма, чыстая мэдыцына — і нічога больш”.

Я размаўляў з маці Паўла Язерскага Феліксай Язерскай — яна ўчора была ў Паўла ў шпіталі. Яна запыталася ў лекара, ці ёсьць падставы трымаць ейнага сына ў шпіталі. Паводле яе, той сказаў маці наступнае:

(Язерская: ) “А ён мне кажа, што я не магу яго адразу проста так выпісаць. Раз ён сюды патрапіў, то я да канца тыдня яго паназіраю, а потым выпішу”.

І маці Паўла Язерскага, і ягоныя сябры з Аб’яднанай грамадзянскай партыі вырашылі пачакаць да канца тыдня.
XS
SM
MD
LG