Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да галадоўкі прадпрымальнікаў у Берасьці далучыліся яшчэ 3 чалавекі


Радыё Свабода, Берасьце У Берасьцейскі аблвыканкам сёньня трапілі заявы ад Эдуарда Багдасарана, Тацьцяны Бялко і Вадзіма Авечкіна. У сваіх заявах яны паведамляюць, што далучаюцца да акцыі пратэсту прадпрымальнікаў і адмаўляюцца прымаць ежу.

Эдуард Багдасаран працуе кіроўцам таксі на мікрааўтобусе, які належыць прадпрымальніцы Любові Разановіч. Ад 6 ліпеня спадарыня Разановіч і ейныя калегі -- Алена Авечкіна, Генадзь Канапліцкі, Аляксандар Дараткевіч і Любоў Лаўруковіч трымаюць галадоўку, каб прыцягнуць увагу да незаконнага, на іх погляд, намеру падатковых ворганаў спагнаць так званы рэспубліканскі збор за выкарыстаньне транспартных сродкаў ў прадпрымальніцкай дзейнасьці.

Сваё далучэньне да галадоўкі спадар Багдасаран тлумачыць тым, што ў выпадку зьдзяйсьненьня намераў падаткоўцаў, ён згубіць працу і магчымасьць утрымліваць сям’ю. Разам з Эдуардам Багдасаранам пра пачатак галадоўкі абвясьціла ягоная жонка Тацьцяна Бялко. Паводле апошніх зьвестак, аналягічнае рашэньне прыняў і муж прадпрымальніцы Алены Авечкінай – Вадзім.

Рэспубліканскі збор за выкарыстаньне транспартных сродкаў ў прадпрымальніцкай дзейнасьці быў уведзены ўказам Аляксандра Лукашэнкі ў красавіку 2004 году, аднак супрацоўнікі падатковых службаў прымушаюць сплаціць гэты збор і тых уладальнікаў маршрутных таксі, што пачалі выкарыстоўваць свае машыны яшчэ да з’яўленьня ўказу. Каб выканаць патрабаваньне падаткоўцаў, якое пакінутае бяз зьменаў Вышэйшым гаспадарчым судом, прадпрымальнікі мусяць пералічыць некалькі дзесяткаў мільёнаў рублёў за кожную машыну.
XS
SM
MD
LG