Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзімеру Някляеву сёньня 60


Валянціна Аксак, Менск Стваральнік і галоўны рэдактар дзьвюх “Крыніцаў” – самага масавага (наклад сягаў пад 400 тысячаў) моладзевага часопісу і самага культавага ( не чытаць які было дрэнным тонам) беларускага часопісу пад адным і тым самым назовам. Апошні непадцэнзурны галоўны рэдактар тыднёвіка “Літаратура і мастацтва” і першы апальны старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў. Самы папулярны аўтар тэкстаў для афіцыйнае беларускае эстрады і старшыня апазыцыйнага Беларускага ПЭН-цэнтру. Усё гэта Ўладзімер Някляеў – паэт, якому сёньня спаўняецца 60 гадоў.

Супярэчнасьць у яго асобе і творчасьці, як кон. Пашпартная дата нараджэньня адна, а насамрэчная іншая. Многія песьні на яго вершы ведаюць амаль усе прыхільнікі беларускае эстрады, прычым некаторыя, да прыкладу гіт “Сёньня ў нашай хаце сьвята”, ужо ўспрымаюцца як народныя. Але разам з тым ягоная паэтычная скарбонка так да сёньня сур’ёзна і шырока не вядомая. Гаворыць філёзаф і літаратуразнаўца Валянцін Акудовіч.

(Акудовіч: ) “Тое, што для мяне Някляеў, асабліва Някляеў у паэзіі, і Някляеў у літаратурным працэсе, адна з вызначальных асобаў апошніх двух-трох дзесяцігодзьдзяў – гэта напэўна. Ня думаю, што я перабольшваю. Неяк склалася наадварот хутчэй за ўсё, што значэньне Някляева ўвесь час зьменшвалася”.

Нехта з расейскіх клясыкаў сказаў, што пасьля сарака сорамна пісаць вершы, у тым сэнсе, што паэзія – творчасьць найперш пачуцьцёвая, а эмоцыі з узростам прытупляюца. На думку прыхільнікаў творчасьці Ўладзімера Някляева і прафэсійных літаратуразнаўцаў кожная новая ягоная кніга лепшая за папярэднюю. А ў апошнім зборніку “Так” паэт выдаў творы, якія сталі знакавымі ў сучаснай беларускай паэзіі, перадусім паэма “Ложак для пчалы”, лічыць Валянцін Акудовіч.

(Акудовіч: ) “Некалькі год таму, гэта значыць, калі яму было ўжо за пяцьдзесят, ён напісаў лепшую сваю паэму “Ложак для пчалы”, з майго гледзішча адну з самых лепшых паэм ва ўсёй беларускай літаратуры ня толькі сучаснасьці, а наогул колькі яе ні было”.

А вось што думае пра суладзьдзе паэтычнае музы Эратас з богам часу Хронасам у творчасьці Някляева мастак і паэт Рыгор Сітніца.

(Сітніца: ) “Творца можа быць маладым заўсёды альбо вельмі-вельмі доўга. Някляеў надзвычай малады душою і целам таксама, і я радуюся, што нашая літаратура мае такога вялікага паэта”.
XS
SM
MD
LG