Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Славянскаму базару” не хапае прыбіральняў


Радыё Свабода Цэлы год віцябляне чакаюць “Славянскага базару”. Атмасфэра сьвята прыходзіць незалежна ад таго, хто выступае на сцэне віцебскага амфітэатру. Карэспандэнту Свабоды падалося, што людзей нават у меншай ступені хвалюе, хто прыехаў у горад, бо сьвяточны настрой фармуецца самімі гледачамі.

Пятнаццаты фэстываль “Славянскі базар” у пэўнай ступені паказальны. Гэта і магчымасьць зрабіць справаздачу за канкрэтную фэстывальную гісторыю, і нагода падсумаваць “градус” глядацкай актыўнасьці. Аднак кароткае знаходжаньне ў фэстывальным цэнтры дазваляе казаць: атмасфэра сьвяточнасьці азмрочваецца пабытовымі дробязямі. Так, змаганьне за цьвярозы лад жыцьця прывяло да таго, што папіць піва, ня кажучы ўжо пра больш моцныя напоі, у цэнтры фэстывальнага Віцебску практычна немагчыма. Уся цэнтральная частка абласнога цэнтру перайшла пад пільны кантроль міліцыі, якая супэрпільная ў дачыненьні да аматараў сумясьціць радасьць з алькаголем. Аднак глядач са стажам Уладзімер Войчанка гаворыць, што гэта яшчэ ня самая вялікая бяда.

(Войчанка: ) “Мінус тое, што няма нармалёвай інфраструктуры. Сц...ць народ па завугольлях – гэта, лічу, самы вялікі мінус. Я быў тыдзень таму ў Піцеры, куды б твар не павярнуў, усюды можна знайсьці прыбіральню. Тут з гэтым праблема. Зь іншага боку, калі чалавек у цэнтар прыйшоў, тут, па вялікаму рахунку, рабіць няма чаго. Пасядзець няма дзе, таму што няма з чым. Нават піва не прадаюць. Але можна зрабіць элемэнтарна: ня трэба, каб народ напіваўся, але ж можна зрабіць у цэнтры дадатковы падатак і павялічыць кошт на тое ж піва. Я ня буду піць 10 куфляў, таму што мне хочацца проста напіцца. Дайце мне адзін кубак піва, няхай даражэй. Але каб піва было”.

Віцебскі мастак Мікалай Дундзін наўпрост параўноўвае фэстывальны тыдзень з навалай. Мяркуе, што нефэстывальны Віцебск больш шчыры, чым фэстываль расейскай папсы.

(Дундзін: ) “Канешне, горад губляе сваю сутнасьць, на “Славянскісм базары” ўсе зарабляюць грошы, на жаль. Калі Віцебск самотны, пусты і прыгожы, ён зусім іншы. Вось такі Віцебск я люблю. А фэстывальны Віцебск не такі. Сам па сабе Віцебск гарадок правінцыйны, ён ціхі, спакойны і гэты тыдзень, калі быць шчырым, Віцебску не ўласьцівы. Расьцягваюць гэты горад, людзі зусім дурныя, паміж намі, робяцца. Усе п’юць, дзеля таго і выходзяць, каб папіць, закусіць. Я яшчэ зьдзіўляюся, што ён да раніцы зноў сьвежы і чысты. Але тое, што прычэсваюць, падфарбоўваюць горад – гэта добра”.

На вялікім экране ў цэнтры Віцебску жыхары і госьці гораду глядзелі фінал футбольнага чэмпіянату сьвету. Падалося, што на нейкі час гэтая падзея замясьціла паводле важнасьці ўласна фэстываль. Праўда, скептыкі кажуць, што насамрэч людзям усё роўна, куды выплёскваць энэргію.
XS
SM
MD
LG