Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Авоська


Вінцэсь Мудроў, Полацак Новая перадача сэрыі "Летні альбом". Страшныя, сьмешныя, забытыя словы і паняцьці пары застою ўспамінае Вінцэсь Мудроў.

Само слова авоська прыйшло да нас з Расеі. Так называлі сплеценую зь вяровак сумку для нашэньня харчоў ды розных дробных рэчаў. У простай мове яе яшчэ называлі сеткай. Авоські цяпер нідзе ня ўбачыш, выйшла з ужытку. А некалі, на памяці майго пакаленьня, яна была незаменнай у побыце.

Згадваю той час і ўбіраю галаву ў плечы. Як мы ўвогуле тады жылі? Прынесьці харчы з крамы – і тое была праблема. Пра поліэтыленавыя пакеты не было й почуту. Цэляфану хапала толькі на пакаваньне дзіцячых навагодніх падарункаў. Абгортачная папера, і тая была не заўсёды. У такіх выпадках выкарыстоўвалі газэты. Бярэш сто грамаў падушачак, прадавачка табе іх загорне ў газэтны кулёк.

У краму хадзілі з авоськай. Пры гэтым яе можна было сьціснуць у кулаку альбо піхнуць у кішэнь. На гэтым дадатныя якасьці канчаліся. Практычна ўсе харчы, перад тым, як пакласьці ў авоську, трэба было загарнуць у газэціну, каб ня выпалі. Вочкі ў сетцы былі вялікія, празь іх сыпалася нават дробная бульба. Нясеш авоську і раптам чуеш: нешта зашамацела. Ага! Гэта цукар з кулька сыпануў.

У дождж насіць харчы наагул не выпадала. Газэціна намакала, распаўзалася, і за сьпінай вясёлай чародкай завіхаліся вераб’і: дзяўблі рассыпаныя крупы.

А ў вясковых хлопцаў авоська была замест партфэля. Паклаў у яе падручнікі са сшыткамі, павесіў на роварны руль, і гайда ў школу. Гэткім жа чынам вазілі хлеб зь вясковай крамы. Бралі адразу па восем боханаў, клалі ў дзьве авоські і вешалі з двух бакоў на руль.

Яшчэ была адна завядзёнка: халоднай парою вывешваць авоську з салам ды іншымі харчамі за фортку. Гэта была імправізаваная савецкая лядоўня. Моладзевыя інтэрнаты папросту немагчыма было сабе ўявіць без авосек на фортках.

Працяглы час сеткі рабілі адно са шнуркоў ды вяровак, але неўзабаве зьявіліся капронавыя авоські. Яны расьцягваліся, і ў іх лезла паўмеха бульбы.

Нават у капронавым выкананьні авоська была зьявай непрэстыжнай. Таму маладзёны ўзяліся саматугам шыць палатняныя торбы. Іх упрыгожвалі малюнкамі ваўка і зайца зь вядомага мультфільму. І тут, нечакана для сябе самой, лёгкая прамысловасьць наладзіла выпуск торбаў з крымплену. На гэтым скончылася манапольнае панаваньне і пачаўся глябальны заняпад авоські.
XS
SM
MD
LG