Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імёны Свабоды: Пятро Драчоў (6.7.1937 — 8.5.2005)


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі “Імёны Свабоды”.

Ён быў сябрам і аднадумцам Уладзімера Караткевіча, ягоным спадарожнікам у апошняй вандроўцы па Палесьсі. “Увесь час Караткевіч як бы паказвае, куды ісьці, як ісьці. І, мне здаецца, так будзе ўсё жыцьцё”, — казаў ён у адным з інтэрвію.

Многія з тых, хто ня ведае імя Пятра Драчова, насамрэч добра знаёмыя зь ягонай творчасьцю, бо чыталі бліскуча аформленыя ім Караткевічавы кнігі “Зямля пад белымі крыламі” і “Чорны замак Альшанскі”, а таксама бачылі ягоныя панарамы і дыяграмы ў Нацыянальным музэі гісторыі і культуры (“Гандаль у Полацку”, “Пажар Магілёва ў Паўночную вайну”), музэі гісторыі мэдыцыны (“Францыск Скарына трымае экзамэн у Падуанскім унівэрсытэце”) і музэі Максіма Багдановіча (“Менск у 1890 годзе”). Яшчэ студэнтам я захапляўся ягонымі літаграфіямі на тэмы беларускай гісторыі, якую Драчоў ведаў і адчуваў, напэўна, як ніхто іншы з калегаў-мастакоў.

Чвэрць стагодзьдзя ён адпрацаваў мастацкім рэдактарам часопісу “Бярозка”, падпісаўшы ў сьвет 300 яго нумароў, а затым ствараў мастацкае аблічча “Беларускага гістарычнага часопісу”.

Гонар быць аформленым таленавітай рукою Драчова выпаў майму першаму зборніку гістарычнае прозы “Дзень, калі ўпала страла”. Асабліва ўдалай, дарма што вельмі ляканічнай у вобразных сродках, атрымалася вокладка: белае вакно на чорнай асноведзі перацінала чырвоная страла. Кнігу пачалі прадаваць у кнігарнях, і раптам яна зьнікла. Высьветлілася, што вінаватая якраз вокладка зь бел-чырвона-белым вакном. Я быў у роспачы: яшчэ не задаўнілася гісторыя зь дзіцячай кніжкаю народных казак, увесь наклад якой аправілі пад нож толькі за тое, што мастак намаляваў на замкавай вежы маленькі нацыянальны сьцяжок. Драчоў, здаецца, перажываў ня менш за мяне. Але на дварэ ўжо стаяла зіма 1989-га. У нейкіх інстанцыях, дзе разглядаўся данос маіх “добразычліўцаў”, прынялі пастанову ў духу абвешчанай Міхаілам Гарбачовым перабудовы: кнігу ня рэзаць, але вокладку перафарбаваць.

Беручы своеасаблівы рэванш, Драчоў у тых самых колерах аформіў маю новую кнігу “Пяць мужчын у лесьнічоўцы”. Праўда, тады наш сьцяг ужо быў дзяржаўным. Пад ім, зноў “падазроным”, летась над магілаю Драчова гучалі разьвітальныя прамовы.
XS
SM
MD
LG