Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Барыса Хамайду затрымалі й аштрафавалі на 31 тысячу рублёў


Радыё Свабода, Віцебск Віцебскага апазыцыянэра, які распаўсюджвае газэты “Витебский курьер” і “Наша ніва” якраз насупраць летняга амфітэатру, за час “Славянскага базару” затрымлівалі ўжо двойчы.

Першы раз яго затрымалі 7 ліпеня, напярэдадні адкрыцьця фэстывалю, у якім браў удзел Аляксандар Лукашэнка. Тады на Хамайду склалі пратаколы за гандаль у неадпаведным месцы й за супраціў супрацоўнікам міліцыі, хаця распаўсюднік пагадзіўся сесьці ў службовую машыну на першае патрабаваньне. Паводле судовае пастановы, Барыс Хамайда мусіў правесьці двое сутак у ізалятары часовага ўтрыманьня.

Толькі ўчора ён выйшаў з ізалятару, а сёньня яго затрымалі зноў — ужо нібыта за правядзеньне несанкцыянаванага пікету. Міліцыянты гэта патлумачылі тым, што распаўсюднік незалежнае прэсы меў пры сабе бел-чырвона-белую стужку і тры штучныя кветкі — дзьве белыя і адну чырвоную.

У Чыгуначным раённым аддзеле міліцыі Барыс Хамайда правёў чатыры гадзіны, потым яго перавезьлі ў суд. Судзьдзя Чыгуначнага райсуду спадарыня Бардзюкова прысудзіла яму штраф на адну базавую велічыню за распаўсюджваньне друкаванай прадукцыі ў неналежным месцы.
XS
SM
MD
LG