Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абвешчана кампанія “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва”


Радыё Свабода, Менск Сёньня ў Менску адбылася нарада прадпрымальнікаў, якія выступаюць за актыўны ўдзел прадстаўнікоў дробнага бізнэсу ў палітычным жыцьці краіны. Яны ініцыявалі кампанію “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва” й прынялі праграму першачарговых дзеяньняў.

Удзельнікі нарады адзначылі, што дробныя бізнэсоўцы складаюць значную частку беларускага грамадзтва. Гаворыць менскі прадпрымальнік Віктар Калей:

(Калей: ) “Мы — кляса грамадзтва. Мы больш шматлікія, чым рабочыя. Мы больш шматлікія, чым інтэлігенцыя. 70 працэнтаў нашай клясы маюць сярэднюю, спэцыяльную і вышэйшую адукацыю. Гэта людзі, якія ня сьпіліся, працалюбныя і вынаходлівыя. Але мы з пазыцыі прэзыдэнта — “вшивые блохи”.

Паводле выступоўцаў, цяперашняя ўлада нэгатыўна ставіцца да ўдзелу прадпрымальнікаў у палітычным жыцьці краіны. Такая пазыцыя, як прагучала на нарадзе, супярэчыць інтарэсам дробнага бізнэсу. Таму многія яго прадстаўнікі самастойна ўдзельнічаюць у палітычных акцыях. Удзельнікі нарады выказаліся за каардынацыю гэтай дзейнасьці. Яны ўхвалілі праграму першачарговых дзеяньняў — у прыватнасьці, вырашана падрыхтаваць нацыянальную кампанію “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва”. Прадпрымальнікі падтрымалі таксама ідэю актыўнага ўдзелу ў мясцовых выбарах 2007 году. Гаворыць актывіст Аб’яднанай грамадзянскай партыі й прадпрымальнік Віктар Гарбачоў:

(Гарбачоў: ) “Ва ўсёй Беларусі няма ніводнага прадпрымальніка, які б знаходзіўся ў саветах. Нас выкарыстоўвае ўлада, з нас бяруць вялізныя сумы грошай у выглядзе падаткаў, штрафаў і г.д. І ў той жа час яны баяцца нас падпускаць да гэтай улады”.

Як прагучала на нарадзе, балятавацца ў мясцовыя саветы ўжо вырашылі многія актывісты прадпрымальніцкага руху. У прыватнасьці, пра намер стаць дэпутатам у мястэчку Крывічы, што на Вялейшчыне, заявіў на сёньняшняй нарадзе бізнэсовец Аляксандар Таўстыка:

(Таўстыка: ) “Хачу балятавацца ў сваім пасёлку Крывічы, дзе я нарадзіўся, дзе я ведаю кожнага пасяленца, ведаю іх думкі. Прапанавалі гэта мне мае настаўнікі, якія бачаць маё стаўленьне да сям’і, бацькоў, маці, бачаць, што я дапамагаю аднавяскоўцам”.

Падчас нарады менскія прадпрымальнікі стварылі адмысловую групу, якая будзе каардынаваць удзел дробных бізнэсоўцаў у кампаніі “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва” ды ў іншых мерапрыемствах праграмы.
XS
SM
MD
LG